15 з 19 вылучэнцаў ад БНФ супраць байкоту
Яны зьвярнуліся да Сойму партыі з просьбай перагледзець рашэньне аб зьняцьці кандыдатаў.
Пад зваротам падпісаліся пятнаццаць зь дзевятнаццаці вылучэнцаў ад Партыі БНФ. Гэта Сяргей Антусевіч (балатуецца ў Горадні), Леанід Аўтухоў (Гарадок, Віцебская вобл.), Яраслаў Берніковіч (Глыбокае), Юрась Губарэвіч (Белаазёрск), Уладзімер Казека (Днепра‑Бугская акруга), Віталь Каратыш (Лунінец), Рыгор Костусеў (Шклоў), Мікалай Ляшчун (Лагойск), Алесь Міхалевіч (Уруцкая акруга), Вадзім Саранчукоў (Горадня), Станіслаў Суднік (Ліда), Алесь Чыгір (Бабруйск), Зьміцер Шыманскі (Берасьце), Іван Шэга (Слонім), Андрэй Юркоў (Горкі).
«Заяўляем аб сваёй гатоўнасьці і настроенасьці правесьці поўнамаштабную агітацыйную кампанію, уключна з удзелам у галасаваньні. Адначасова не адкідаем магчымасьці зьняцьця кандыдатур з улікам далейшага разьвіцьця сытуацыі ў кожнай канкрэтнай выбарчай акрузе, а таксама пры дасягненьні салідарнага рашэньня аб зьняцьці кандыдатур ад АДС альбо, як мінімум, усіх кандыдатаў ад Партыі БНФ», — гаворыцца ў заяве.
Намесьнік старшыні Партыі БНФ Юрась Губарэвіч кажа:
«У першую чаргу падчас прыняцьця рашэньня аб удзеле ці няўдзеле ў выбарах трэба прыслухоўвацца да людзей, якія ўдзельнічаюць у парлямэнцкай кампаніі. На Сойме амаль кожны выступіў за магчымасьць правядзеньня паўнавартаснай агітацыйнай кампаніі. На жаль, іх думкі не былі ўлічаныя. Рашэньне Сойму БНФ супярэчыць агульнай пазыцыі АДС. Пазыцыя фронтаўскага кіраўніцтва таксама сутыкнулася з нараканьнямі мясцовых лідэраў рэгіянальнага ўзроўню зь іншых партый. Нашы вылучэнцы звычайна выйгравалі месцы ў сьпісе АДС на альтэрнатыўнай аснове. На нашу думку рашэньне аб зьняцьці кандыдатаў ня ёсьць карысным для Партыі, таму мы патрабуем адмены рашэньня Сойму».
Падчас тэлефонных размоваў з карэспандэнтам «Нашай Нівы» Я. Берніковіч, Р. Кастусёў, З. Шыманскі пацьвердзілі, што гатовыя ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі да канца. Раней пра адмову здымацца з выбарчай кампаніі заяўляў І. Шэга.