Суд па справе царквы "Новае жыццё" зноў перанесены
Паседжанне Вышэйшага гаспадарчага суду па справе царквы "Новае жыццё" ізноў было перанесена - з 22 снежня 2008 года на 13 студзеня 2009-га. Аб гэтым у царкве даведаліся за 10 хвілін да пачатку раней прызначанага паседжання.
Вось, што распавёў Еўрарадыё юрыст "Новага жыцця" Сяргей Луканін:
“За 10 хвілін да пачатку судовага паседжання нам пазванілі з нашага офіса і сказалі, што прыйшоў паштальён і уручыў паведамленне аб пераносе суду на 13 студзеня 2009 года, у сувязі з занятасцю суддзі. Больш нам нічога не растлумачылі. Я лічу, што трэба было загадзя нас папярэдзіць”.
Сяргей Луканін лічыць, што рэальная прычына пераносу не супадае з афіцыйнай. На яго думку, улады яшчэ не маюць канчатковага палітычнага рашэння па справе царквы.
Сяргей Луканін: “Я думаю, што прычын тут як мінімум дзве. Па-першае, няма канчатковага палітычнага рашэння, бо гэта дакладна не суддзя выносіць вердыкт па нашай справе”.
Другая прычына, на думку Сяргея Луканіна, у тым, што, калі суд прыме рашэнне на карысць "Новага жыцця", тады давядзецца мяняць закон, які не адпавядае Канстытуцыі.