Польскаму святару забаранілі працаваць у Беларусі
Каталіцкаму святару Збігневу Грыгарцэвічу, грамадзяніну Польшчы, які служыць у Барысаве, без якога-небудзь тлумачэння адмоўлена ў працягненні беларускай візы.
Айцец Збігнеў Грыгарцэвіч, пробашч парафіі Сашэсця Святога Духу ў Барысаве, вымушаны пакінуць Беларусь да канца бягучага года.
Як патлумачыў айцец Збігнеў карэспандэнту «Барысава Электроннага», яму далі зразумець, што прычына адмовы ў яго «залішняй актыўнасці ў грамадскай дзейнасці». На думку святара, вырашальную ролю сыграла сітуацыя з правядзеннем у горадзе канцэрту хрысціянскай музыкі ў верасні гэтага года.
Тады райвыканкам, у асобе намесніцы старшыні райвыканкама па ідэалогіі Валянціны Шутко і намесніцы старшыні райсавета Людмілы Гарнак, спачатку дазволіў праводзіць канцэрт, але перад самым пачаткам мерапрыемства дазвол быў адменены.