viasna on patreon

Пастар царквы «Новае жыццё» Вячаслаў Ганчарэнка накіраваў Аляксандру Лукашэнку адкрыты ліст

2010 2010-03-02T11:17:17+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/gancharenka.jpg
Фота \"Радыё Свабода\"

Фота \"Радыё Свабода\"

У лісце Вячаслаў Ганчарэнка заклікае беларускага кіраўніка стварыць камісію па вырашэнні канфлікту паміж царквой і менскімі ўладамі, перадае БелаПАН.

Пастар прапануе ўключыць у камісію прадстаўнікоў Аляксандра Лукашэнкі, менскага офіса АБСЕ, праваабарончых арганізацый і кіраўнікоў пратэстанцкіх канфесій краіны.

Прычынай звароту Ганчарэнка назваў ужыванне эканамічных санкцый у адносінах да абшчыны на агульную суму больш за 271,5 млн. рублёў нібыта за нанесены экалагічны ўрон (забруджванне ўчастка зямлі, дзе знаходзіцца царква, нафтапрадуктамі).

У лісце адзначаецца, што абшчына не прызнае сябе вінаватай у пашкоджанні зямлі, бо царква не валодае вытворчымі магутнасцямі, эксплуатацыя якіх магла б нанесці столь сур'ёзную шкоду прыродзе.

Ганчарэнка паведаміў, што на выдзеленым царкве ўчастку зямлі вернікі сваімі рукамі прыбралі несанкцыянаваны сметнік запчастак і кузаваў разабраных аўтамабіляў. Пастар звярнуў увагу Лукашэнкі на тое, што адбор пробаў зямлі з тэрыторыі царквы супрацоўнікі Менскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ажыццявілі «з грубым працэсуальным парушэннем», у тым ліку нормаў Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і ўказа прэзідэнта ад 15 лістапада 1999.

Абшчына лічыць «незаконнай і пазбаўленай здаровага сэнсу» пастанову суда Маскоўскага раёну Менска, паводле якой царква прызнаная вінаватай у пашкоджанні зямлі, і пакідае за сабой права абскардзіць яго ў вызначаным парадку, адзначаецца ў лісце. Яго аўтар паведаміў, што абшчына існуе на ахвяраванні, праводзіць вялікую дабрачынную працу і не валодае сродкамі для выплаты сум кампенсацый шкоды і штрафу.

Ад імя вернікаў пастар выказаў надзею, што канфлікт вакол царквы «будзе вырашаны ў строгай адпаведнасці з законамі краіны і з Божымі законамі» пры забеспячэнні канстытуцыйных правоў вернікаў.

Нагадаем, што 26 лютага суддзя суда Маскоўскага раёна Алена Шылько аштрафавала царкву на 250 базавых велічынь (8 млн. 750 тыс. рублёў) за забруджванне навакольнага асяроддзя. А ў снежні 2009 года экалагічнае ведамства Менгарвыканкама запатрабавала ад суполкі ў двухмесячны тэрмін пакрыць шкоду прыродзе на суму каля 263 млн. рублёў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства