Разгляд скаргі на нерэгістрацыю праводзіцца не ў памяшканні камісіі, а ў працоўным кабінеце яе старшыні
Пенсіянерку Тамару Валянцінаўну Каважэнка запрасілі на паседжанне Менскай абласной выбарчай камісіі, на якім павінна быць разгледжана яе скарга з нагоды адмовы ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты Барысаўскай раённай камісіяй. Раніцай 31 сакавіка ёй прыйшло пісьмовае запрашэнне, якое было ў гэты ж дзень некалькімі гадзінамі пазней прадублявана тэлефонным званком.
Каважэнко паведамілі, што “разгляд звароту па названым пытанні запланаваны (!) на 1 красавіка па адрасе: г. Менск, вуліца Чкалава 5, каб. №229 у 11 гадзін”. Па ўсім відаць, паседжанне пройдзе ў працоўным кабінеце дырэктара Менскага абласнога тэрытарыяльнага фонду дзяржаўнай маёмасці Аляксея Васільева, які ўзначальвае абласную выбарчую камісію. Тым часам, паштовы адрас абласной выбарчай камісіі: Менск, вуліца Энгельса 4, кабінет №118. Магчыма, месцаў для ўсіх трынаццаці сяброў у гэтым кабінеце не хапае, ці ў пакоях абласнога тэрытарыяльнага фонду дзяржмаёмасці больш камфортна?
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”