Магілёў: На безальтарнатыўныя акругі прадстаўнікі дэмакратычных сіл не патрапілі
У Магілёве на трох выбарчых акругах выбары ў гарадскі Савет дэпутатаў 26 склікання пройдуць на безальтарнатыўнай аснове. На астатніх выбарчых акругах ад двух да чатырох прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат. Спісы кандыдатаў ў дэпутаты надрукаў “Веснік Магілёва” і размясціў сайт Магілёўскага гарвыканкама.
Сярод прэтэндэнтаў, якія вырашылі пазначыць сваю партыйнасць, ёсць тры прадстаўнікі ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), два ад Партыі БНФ, два ад Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, адзін ад Камуністычнай партыі Беларусі і адзін ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
На безальтарнатыўныя акругі прадстаўнікі дэмакратычных сіл не патрапілі. Усяго ж на 40 дэпутацкіх месцаў прэтэндуе 108 кандыдатаў у дэпутаты. Сярэдні конкурсны паказчык складае 2,7 чалавек на месца.
Каардынатар па выбарчай кампаніі Магілёўскай абласной кааліцыі дэмакратычных сілаў Юрый Новікаў сцвяржае, што кожны пяты з вылучэнцаў у дэпутаты -- дэмакратычны кандыдат.
Адметным з’яўляецца той момант, што па афіцыйных звестках немагчыма ўстанавіць партыйнасць 26 чалавек. 24 з іх з’яўляюцца кіраўнікамі розных устаноў і арганізацый (генеральныя дырэктары, галоўныя лекары, намеснікі дырэктароў, загадчыкі аддзелаў і г.д.) і толькі два не начальнікі (вадзіцель і мэнэджар). У астатніх 82 чалавек пазначана партыйнасць, альбо яе адсутнасць.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”