“Жыццё Палесся” ўгледзела ў выбарчай праграме Ф. Вячоркі паклёп
Кандыдат у дэпутаты Мазырскага раённага савету Францішак Вячорка перадаў у газету “Жыццё Палесся” (заснавальнікі - раённыя выканаўчы камітэт і Савет дэпутатаў) сваю выбарчую праграму і суправадзіў яе заявай з просьбай аб публікацыі.
5 красавіка ён атрымаў адказ ад галоўнай рэдактаркі Ларысы Чорнай. Як паведаміла інфармацыйная група Менскай арганізацыі Партыі БНФ, Ф.Вячорку было адмоўлена ў публікацыі са спасылкай на арт. 75 Выбарчага кодэксу: “Праграма кандыдата не павінна ўтрымліваць прапаганды вайны, заклікаў да гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, да сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасці, абразаў і паклёпу ў дачыненні да службовых асобаў Рэспублікі Беларусь, іншых кандыдатаў у Прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь, у дэпутаты”. Словы “абразаў і паклёпу ў дачыненні да службовых асобаў” сп-ня Чорная падкрэсліла.
Ф.Вячорка мяркуе, што страх рэдактаркі выклікаў наступны фрагмент ягонай праграмы: “Улада павінна служыць людзям. Яны кажуць: “Грошай няма”. У той жа час заробак чыноўнікаў дагнаў і перагнаў зарплату работнікаў НПЗ. Схадзіце ў гарвыканкам, паглядзіце, які там шыкоўны еўрарамонт. І параўнайце з тым, як жывяце і працуеце вы. Чыноўнікі праядаюць нашыя з вамі грошы”.
У праграме таксама гаворыцца пра вяртанне Мазыру скасаванага статусу радыяцыйна забруджанай зоны, пра выкарыстанне бюджэтных сродкаў не на лядовыя палацы, а на рамонт вуліц і сацыяльную сферу, пра свабодныя выбары.
Кандыдат у дэпутаты накіраваў скаргу на газету ў ЦВК.