viasna on patreon

Інфармацыя аб прымяненьні катаваньняў у Беларусі прагучала на ўвесь сьвет

2010 2010-10-07T12:56:07+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/abse.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На Канферэнцыі АБСЕ, прысьвечанай чалавечаму вымярэньню, якая праходзіць у Варшаве з 30 верасьня па 8 кастрычніка, прадстаўнік РГА "Прававая ініцыятыва» праваабаронца Сяргей Усцінаў выступіў з рэзкім паведамленьнем аб прымяненьні катаваньняў пры расследаваньні крымінальных спраў у Беларусі, заявіў пра перасьлед ахвяраў за паведамленьні аб катаваньнях. Асаблівымі пунктамі вылучыў пытаньні жорсткага разгону мірных сходаў і ўмоў ўтрыманьня адміністрацыйна арыштаваных.
Нагадаем, падобныя Канферэнцыі АБСЕ праводзяцца ў Варшаве штогод, на іх прысутнічаюць прадстаўнікі больш за 400 НДА з розных краін свету, праваабаронцы, эксперты і афіцыйныя прадстаўнікі з 56 дзяржаў-удзельніц АБСЕ. Мэтай канферэнцыі з'яўляецца ацэнка сітуацыі з правамі чалавека ў краінах-удзельніцах АБСЕ.
На сесіі 5 кастрычніка закраналася адна з галоўных тэм канферэнцыі - забарона на прымяненьне катаваньняў у краінах, якія знаходзяцца ў зоне адказнасьці АБСЕ.
Сяргей Усцінаў: “Прадстаўнікі дзяржаўных органаў Казахстана, Таджыкістана, Узбекістана ў адказ на паведамленьні няўрадавых арганізацый прызнавалі парушэньні правоў чалавека ў сваіх дзяржавах. Прадстаўнікі ж МЗС нашай краіны праігнаравалі маё паведамленьне аб катаваньнях, што пацвярджае нежаданьне беларускіх уладаў прыслухоўвацца да гэтай праблемы”.
Праваабаронца лічыць, што даносіць інфармацыю пра шматлікія катаваньні і праблемы ўмоў утрыманьня арыштаваных у Беларусі трэба не толькі на нацыянальным, але і на міжнародным узроўні.
”Мой абавязак як праваабаронцы прымаць усе магчымыя меры для паляпшэньня сітуацыі з правамі чалавека ў роднай дзяржаве, паколькі інфармацыя часцяком спрыяе рашэньню ўзнятай праблемы. Я не проста праінфармаваў краіны АБСЕ аб шматлікіх фактах прымяненьня ў Беларусі катаваньняў, я запатрабаваў ад дзяржавы ажыццявіць шэраг мер па іх прадухіленьні” - заявіў С. Усцінаў.
На Канферэнцыі афіцыйным прадстаўнікам Урадаў прадастаўлялася магчымасьць даць адказы па сутнасьці ўзнятых няўрадавымі арганізацыямі праблем гэтых дзяржаў. Прысутны на канферэнцыі ў якасьці афіцыйнай асобы Беларусі прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Антон Шмыгаў у сваім выступе пакінуў без каментароў паднятае праваабаронцам пытаньне прымяненьні катаваньняў у Беларусі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства