Гродна: Праваабаронца Раман Юргель скардзіцца на рашэнне Гродзенскага гарвыканкаму
Гродзенскі прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэта Раман Юргель накіраваў дзве аналагічныя скаргі на рашэнне Гродзенскага гарвыканкаму ад 21 верасня 2010 году, якое вызначае месцы ў горадзе, забароненыя для правядзення пікетаў з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты. Адна скарга - у Цэнтральную камісію, другая – у Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт.
Р.Юргель просіць адмяніць рашэнне Гродзенскага гарвыканкаму у адпаведнасці з артыкуламі 23 і 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і артыкулам 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, якія гарантуюць свабоду правядзення мірных сходаў.
Раман Юргель кажа, што адмена гэтага рашэння выглядала б цалкам лагічна, тым больш, што ў некаторых іншых гарадах краіны адбыліся такія прэцэдэнты. Фактычна збор подпісаў за прэтэндэнтаў ідзе ў розных месцах гораду і гэта не перашкаджае ніякім чынам грамадскаму парадку. Чаму б пастанову Гродзенскага гарвыканкаму не прывесці ў адпаведнасць з нормамі права і рэчаіснасці?
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”