Маладэчна: Пікеты як фактар пазнавальнасці прэтэндэнтаў
У Маладэчне кожны дзень можна ўбачыць пікеты ў падтрымку двух дэмакратычных прэтэндэнтаў у кандыдаты: Рыгора Кастусёва і Андрэя Саннікава. Звычайны атрыбут пікета за Саннікава – еўрапейскі сцяг. Каля плаката Рыгора Кастусёва пікетоўшчыкі таксама аднойчы паспрабавалі выставіць бел-чырвона-белы сцяг, але гэта выклікала пытанні з боку міліцыі.
Пікеты за Рыгора Кастусёва і Андрэя Саннікава ладзяцца ў розных месцах: на пляцоўцы каля “Дзевяціпавярхоўкі”, на ўваходзе Калгаснага рынка, на цэнтральнай пешаходнай вуліцы Маладэчна, вуліцы Прытыцкага. Некалькі разоў на Прытыцкага, недалёка ад будынка КДБ, адбывалася адразу тры пікеты – за Рыгора Кастусёва, Андрэя Саннікава і Яраслава Раманчука.
Па словах сябраў ініцыятыўных груп гэтых кандыдатаў, пікеты – вельмі ўдалы спосаб збору подпісаў.
Часта, калі некалькі пікетаў месціцца побач, людзі падпісваюцца адразу за ўсіх прэтэндэнтаў у кандыдаты. Але бывае і так, што чалавек мэтанакіравана прыходзіць падпісацца за пэўную асобу.
Тым не менш трэба адзначыць, што вядомасць усіх дэмакратычных прэтэндэнтаў у кандыдаты зараз невысокая. А з дапамогай пікетаў у шматлюдных месцах вялікая колькасць выбаршчыкаў можа даведацца, што Аляксандру Лукашэнку ёсць альтэрнатыва.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”