viasna on patreon

Мазырскі раён: “Белая Русь” збірае подпісы ў школах і дзіцячых садках

2010 2010-10-13T10:15:01+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мазырскім раёне прадстаўнікі праўладнага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” збіраюць подпісы за Аляксандра Лукашэнку проста ў дзіцячых садках і школах у працоўны час. Пра гэта паведаміў каардынатар арганізацыйнага камітэту па стварэнні партыі БХД па Мазырскаму рэгіёну Алесь Кавальчук.

Такая інфармацыя яму стала вядома ад настаўнікаў адной з вёсак Мазырскага раёна, з якімі ён раней працаваў. У сельскую мясцовую школу і дзіцячы садок на мінулым тыдні ў працоўны час наведаліся прадстаўнікі праўладнага грамадскага аб’яднання і прапанавалі паставіць подпісы за Аляксандра Лукашэнку.

“Прыйшоў чалавек ад “Белай Русі” і збіраў подпісы проста ў школе і дзіцячым садку адной з вёсак Мазырскага раёна, прычым у працоўны час. Настаўнікам і выхавацелькам ён тлумачыў, што, быццам, на тое ёсць рашэнне міністра адукацыі Аляксандра Радзькова, каб супрацоўнікі ўстаноў адукацыі падтрымалі Аляксандра Лукашэнку. Сказаў – гэта адно, але якім чынам гэта выконваецца на месцах, з выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу – гэта зусім іншае”, - падкрэсліў Алесь Кавальчук.

Педагогі прасілі Алеся не называць вёску, каб не наклікаць бяду. Як вядома, настаўнікі і выхавацелькі – людзі залежныя, тым больш у сельскай мясцовасці. Паспрабуй не пастаў подпіс - наклікаеш гнеў начальства, а то і працу страціш.

“Цікава, а калі б у дзіцячыя садкі ды школы Мазырскага раёна прыйшлі ў працоўны час прадстаўнікі груп альтэрнатыўных вылучэнцаў, ім таксама далі б магчымасць збіраць подпісы?” – задае пытанне Алесь Кавальчук.

 “Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства