Магілёў: Прымусовы збор подпісаў настаўнікамі за Лукашэнку працягваецца
Пра гэта паведамілі настаўніцы школы №26 г.Магілёва, з якімі сустрэўся зборшчык подпісаў Аляксей Паўлоўскі.
“Учора ў пад’ездзе аднаго з дамоў я выпадкова сустрэў настаўніц школы, дзе раней вучыўся, - гаворыць Аляксей, - і жанчыны мне расказалі, што збор подпісаў за вылучэнне на пасаду прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі працягваецца, нягледзячы на яго публічную заяву аб неабходнасці спыніць гэты працэс”.
Жанчына паведалі, што ў іхнюю школу званілі з адміністрацыі раёна і сказалі, што збор подпісаў неабходна працягваць. Да кожнай з настаўніц даведзены план - 500 подпісаў.
Акрамя гэтага выпадка, яшчэ з адной школы горада паступіла інфармацыя аб тым, што за адзін подпіс за Лукашэнку зборшчыкі атрымліваюць 1500 рублёў, таму некаторыя настаўнікі з ахвотай бяруцца за гэту справу. Гэта інфармацыя на дадзены момант спраўджваецца.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”