Чашнікі: Збіраць подпісы за Алеся Міхалевіча замінае негатыўны імідж ягонага цёзкі
Былога старшыню Чашніцкага райвыканкаму завуць Анфім Міхалевіч. На апошніх выбарах у Палату прадстаўнікоў ён стаў дэпутатам і на ранейшым месцы ўжо не працуе. Але мясцовыя жыхары згадваюць гады ягонага кіраўніцтва як самыя няўдалыя ў жыцці раёна – і адмаўляюцца ставіць подпісы за вылучэнне кандыдатам на прэзідэнцкія выбары Алеся Міхалевіча.
Віцебская зборшчыца подпісаў Тамара Карызна, якая толькі вярнулася з Навалукомля, знаходзіцца пад вялікім уражаннем ад сустрэчаў з мясцовымі жыхарамі:
- Навалукомль хоць і горад, але раённага падпарадкавання, галоўная ўлада ў рэгіёне – гэта Чашніцкі райвыканкам. І людзі адразу прыгадваюць таго Анфіма Міхалевіча, які быў тут старшынём ў раённай “вертыкалі”. Маўляў, і калгасы разваліў, і ў Навалукомлі, дзе працуе вядомая Лукомская ДРЭС, жыцце пагоршала…Кажуць: “Можа, гэта сваяк нейкі? Бо наш старшыня дужа прабіўны быў – дык во і сваяка свайго ў прэзідэнты вырашыў уладкаваць. Не трэба нам такога прэзідэнта!” З аднаго боку, смешна слухаць такія разважанні. А з другога – сумна: гэта ж трэба пакінуць па сабе такую памяць, каб нават ні ў чым не вінаватага цёзку ўспрымалі як ворага!
Зборшчыкам подпісаў за вылучэнне Алеся Міхалевіча даводзілася тлумачыць людзям, што гэта “іншы Міхалевіч”, ніякі не сваяк “іхнаму”. Але насцярога заставалася, і людзі старэйшага веку катэгарычна адмаўляліся падпісвацца. Подпісы часцей ставіла моладзь – тыя, каму ў часы кіравання былога старшыні райвыканкаму было няшмат гадоў, і для каго гэта прозвішча не асацыюецца з развалам раённай гаспадаркі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”