viasna on patreon

Віцебск: Падчас збору подпісаў збілі сябра ініцыятыўнай групы Яраслава Раманчука

2010 2010-10-18T10:13:51+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/draka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На Андрэя Лядоўскага напаў невядомы мужчына сталага веку,  калі збіральнік подпісаў прапанаваў падпісацца за вылучэнне Яраслава Раманчука прысутным у адной з кватэр “шматпавярхоўкі” па вуліцы Петруся Броўкі.

Збіральнік подпісаў распавёў, што гаспадар кватэры, Аляксандр Чубакоў, паставіў свой подпіс, але потым няўклюдна пажартаваў: маўляў, апынуся ў турме, калі пра гэта даведаюцца ў КДБ.

-- Мажліва, ягоныя словы ўсур’ёз успрыняў адзін з гасцей, мужчына ўжо сталага веку, -- распавядае Андрэй Лядоўскі. – Ён быў нецвярозы, і патрабаваў, каб я аддаў яму падпісны ліст. Я патлумачыў, што не магу – там подпісы іншых людзей. Але гатовы выкрэсліць подпіс Чубакова, калі той захоча. Мая прапанова прынята не была: невядомы чалавек на вачах у гаспадара кватэры пачаў мяне збіваць – наносіў удары па галаве, біў у твар, урэшце ўдарыў мяне галавой аб сценку. Біцца з ім я не мог, хоць значна маладзейшы: баяўся, што гэта нейкая правакацыя, а таксама  імкнуўся захаваць падпісны аркуш.

Пакамечаны і крыху парваны дакумент Андрэю Лядоўскаму захаваць удалося. Але самому спатрэбілася медыцынская дапамога. Дактары зрабілі пацярпеламу некалькі ўколаў і засведчылі цялесныя пашкоджанні.

Андрэй Лядоўскі напісаў заяву ў міліцыі, каб знайшлі і пакаралі таго, хто яго збіваў. Ён кажа, што некалькі дзен мусіць правесці дома, бо мусіць падлячыцца. Андрэй Лядоўскі – сябра не толькі ініцыятыўнай групы Яраслава Раманчука, але яшчэ Уладзіміра Някляева і Мікалая Статкевіча.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства