Вілейка: Перашкод у зборы подпісаў на пікетах няма
У Вілейцы ў выходныя дні адразу праводзілася некалькі пікетаў па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў. У самым шматлюдным у гэты час месцы, каля рынка, размясціліся сябры ініцыятыўных груп Яраслава Раманчука, Рыгора Кастусёва і Уладзіміра Някляева. Пікеты заўважныя здалёк, бо каля інфармацыйных стэндаў усталяваны бел-чырвона-белыя і еўрапейскі сцягі.
Па словах вілейскіх актывістаў, якія ўдзельнічаюць у пікетах, рэакцыя людзей на прапановы падпісацца збольшага станоўчая. Звычайна падпісваюцца адразу за ўсіх прэтэндэнтаў у кандыдаты. За пару гадзін пікетоўшчыкі у сярэднім збіраюць каля 30 подпісаў. Бывае, падпісаўшыся, людзі просяць дазволу сфатаграфавацца пад бел-чырвона-белым сцягам.
Праваабаронца Аляксей Сюдак распавядае, што напачатку кампаніі па зборы подпісаў ён пабываў у райвыканкаме і паведаміў пра правядзенне пікетаў, каб не было непаразуменняў. І сапраўды, перашкодаў мясцовыя ўлады не чыняць, да бел-чырвона-белых сцягоў пытанняў з боку праваахоўных органаў не было. Акрамя таго, у Вілейцы подпісы за альтэрнатыўных прэтэндэнтаў аддавалі і міліцыянты, і супрацоўнікі выканкаму.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”