Смаргонь: Адзіны пікет за дэмакратычнага вылучэнца
У Смаргоні магчымасцю ладзіць пікеты па зборы подпісаў актыўна карыстаюцца толькі сябры ініцыятыўнай групы Рыгора Кастусёва. У цэнтры Смаргоні, каля ўніверсама “Юбілейны” ў суботу і нядзелю звычайна стаіць пікет у падтрымку Рыгора Кастусёва.
Здаецца, што да пікета смаргонцы ставяцца крыху насцярожана. Спыняюцца, чытаюць інфармацыйныя матэрыялы, распытваюць, але падпісвацца не спяшаюцца. Хаця бываюць і такія, хто адмыслова ідзе за пашпартам.
Па словах мясцовых актывістаў, людзі лепей падпісваюцца пры абыходзе кватэр.
Наколькі вядома, ўсяго ў Смаргоні збіраюць подпісы за трох дэмакратычных прэтэндэнтаў у кандыдаты: Рыгора Кастусёва, Андрэя Саннікава і Уладзіміра Някляева.
Распавядае жыхар Смаргоні, які падпісаўся за Рыгора Кастусёва:
- Сярод маіх знаёмых ніхто не мог назваць прозвішча ніводнага прэтэндэнта, акрамя Лукашэнкі. Зараз, прынамсі, пра Рыгора Кастусёва многія даведаліся. Але ў тое, што пасля гэтых выбараў у нас будзе новы прэзідэнт, здаецца, ніхто тут не верыць. Можа, у большых гарадах інакш, бо там больш інфармацыі?
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”