Чатыры пікеты ў цэнтры Полацка
Адразу чатыры пікеты па зборы подпісаў ў падтрымку дэмакратычных прэтэндэнтаў у кандыдаты прайшлі ў нядзелю ў Полацку. Месца для правядзення пікетаў было выбрана ўдала – каля Дома гандлю, непадалёку ад цэнтральнага рынка: у суботу-нядзелю людскі паток тут не перапыняецца.
У гэту нядзелю палачане мелі магчымасць падпісацца адразу за чатырох патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты – Алеся Міхалевіча, Андрэя Саннікава, Уладзіміра Някляева і Яраслава Раманчука. Ініцыятыўныя групы першых трох прэтэндэнтаў актыўна працуюць у Полацку, прадстаўнікі АГП прыехалі ў Полацк з Мінску.
Сябры ініцыятыўных груп актыўна запрашалі мінакоў падпісацца за свайго вылучэнца, не забываючы нагадваць пры гэтым, што па дзеючым заканадаўстве яны маюць права адзін раз паставіць подпіс за кожнага прэтэндэнта. Многія палачане падпісваліся за ўсіх чатырох. Некаторыя выяўлялі падвышаную цікавасць і шкадавалі, што пікетоўшчыкі не могуць даць ім больш падрабязнай інфармацыі ў надрукаваным выглядзе.
У суседнім Наваполацку таксама прайшлі пікеты па зборы подпісаў за Уладзіміра Някляева, Рыгора Кастусева і Андрэя Саннікава. Пікетоўцы стаялі паблізу двух вялікіх гандлёвых цэнтраў – “Паўлінка” і “Дыёніс”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”