Светлагорск: У абслугоўванні пікета “Белай Русі” задзейнічаны мікрааўтобус
У Светлагорску подпісы за апазіцыйных кандыдатаў шпарка збіраюць, седзячы на плоце, пікеты за А. Лукашэнку абслугоўвае мікрааўтобус.
Пікеты за вылучэнне кандыдатам у Прэзідэнты Уладзіміра Някляева распачаліся ў горадзе 15 кастрычніка. А на выходных днях да іх далучыліся і пікеты прыхільнікаў Рыгора Кастусёва.
Нядзеля. Непадалёк ад гарадскога цэнтру – рынак па продажу сельгаспрадукцыі. Можна і не заўважыць, што побач праводзяцца пікеты па збору подпісаў за Р. Кастусёва і Ул. Някляева: тут ні сцягоў, ні іншых бачных здалёк атрыбутаў. Святлана Міхальчанка, якая збірае подпісы за Ул. Някляева, прысела проста на агароджу, зборшчык подпісаў за Р. Кастусёва Вадзім Болбас прынёс з сабой маленькі зэдлік.
Біяграфія пра паэта Някляева, які «дзяцінства правёў у знакавым месцы беларускай гісторыі» – толькі на рускай мове. Чаму?
– Вы мяне пра гэта пытаеце? – кажа Святлана Міхальчанка, якая каардынуе ініцыятыўную групу Някляева ў Светлагорскім раёне. – Што даслалі нам з цэнтру, тое і наклеілі на стэнд.
У пікеце за Р. Кастусёва усё па-беларуску. Але стэнд такі нізенькі, што прачытаць біяграфію намесніка старшыні Партыі БНФ можна хіба што на карачках. Нягледзячы на сціплыя ўмовы, збор подпісаў за абодвух кандыдатаў ідзе даволі шпарка.
– За гадзіну падпісаліся дзесяць выбаршчыкаў, – падлічвае па падпісным лісце Вадзім Болбас. – Асабліва спяшацца не даводзіцца, бо трэба па кожнаму запісаць звесткі без памылак.
«У нас адзін прэзідэнт! А вось выбярыце іншага – ні пенсій, ні заробку не будуць плаціць!» – раптам залямантавала жанчына сталога веку. «І вады не будзе» – іранічна адказвае ёй мужчына побач.
Плакаты ад раённай выбарчай камісіі вісяць усюды навокал. Але па-беларуску – ніводнага плакату.
Пікет за А. Лукашэнку ў гэты дзень знаходзіўся ля універсаму ў мікрараёне № 1, дзе жывуць у асноўным пенсіянеры. Абслугоўваюцца пікеты за дзеючага прэзідэнта мікрааўтобусам «Газель», на якім падвозяць усё неабходнае. Зборшчыкі подпісаў ад арганізацыі «Белая Русь» цярпліва чакаюць электарат ва ўтульных крэслах за столікам.
У горадзе дзейнічаюць ініцыятыўныя групы і іншых прэтэндэнтаў у кандыдаты – напрыклад, Алеся Міхалевіча і Яраслава Раманчука. Іхніх пікетаў пакуль заўважана не было.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”