У вёсках Мінскай вобласці пенсіянеры не ведаюць, што Пазняк не вылучаецца ў прэзідэнты
Пенсіянеры ў некалькіх вёсках Капыльскага, Слуцкага і Салігорскага раёна заяўляюць у прыватных гутарках, што па-ранейшаму будуць галасаваць за дзеючага прэзідэнта. Сваё рашэнне яны тлумачаць так: “У нас ходзяць чуткі, што, калі да ўлады прыйдзе нехта іншы, у нас адбяруць пенсію”. Па словах старых, пазбавіць іх пенсіі абяцаў Зянон Пазняк.
На ўдакладненне, што ў гэтым годзе Зянон Станіслававіч Пазняк ў прэзідэнты не вылучаецца, старыя здзіўлена замаўкаюць і перапытваюць, ці так гэта. Інфармацыі пра іншых прэтэндэнтаў, акрамя Лукашэнкі, на вышэйшую пасаду ў краіне ў іх практычна няма – рэдка-рэдка нехта здолее назваць адно ці два прозвішчы верагодных кандыдатаў, ды і то перакруціць іх гучанне на свой лад.
Зараз у сельсаветах Мінскай вобласці актыўна праводзяцца сходы насельніцтва вёсак, на якіх ставяцца пытанні пра вырашэнне сацыяльных праблем. Людзі, скарыстоўваючы магчымасць быць выслуханымі і нават пачутымі, просяць ў мясцовых уладаў то адчыніць крамы замест аўталавак, то наладзіць вулічныя ліхтары, то пракласці асфальтавыя дарогі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”