Барысаў. Сакратар пасольства ЗША сустрэўся з праваабаронцамі
У аўторак, 23 лістапада, Барысаў наведаў супрацоўнік палітычнага аддзела, першы сакратар Пасольства ЗША ў Беларусі Крыстафер Паніка, які сустрэўся з прадстаўнікамі кампаній “Праваабаронцы за свабодныя выбары” і “За справядлівыя выбары 2010”.
Мэта прыезду ў Барысаў Крыстафера Паніка выбараў не датычылася: ён прывёз у падарунак цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Каладзеева кнігі. Уручэнне кніг адбывалася ў прысутнасці супрацоўнікаў бібліятэкі і чыноўнікаў Барысаўскага райвыканкама. Пасля “афіцыйнай часткі” супрацоўнік палітычнага аддзела амерыканскага пасольства сустрэўся з арганізатарам доўгатэрміновага назірання ў Барысаве кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Марынай Статкевіч і каардынатарам па Мінскай вобласці кампаніі “ЗА справядлівыя выбары 2010” Мікалаем Пахабавым.
У нефармальнай абстаноўцы праваабаронца Марына Статкевіч распавяла пра асноўныя этапы прэзідэнцкіх выбараў у Барысаве: фармаванне тэрытарыяльнай і ўчастковых камісій, дзе апазіцыя не была прадстаўлена ніводным чалавекам. У сваю чаргу, Мікалай Пахабаў паведаміў, што кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” і “За справядлівыя выбары 2010” працуюць ва ўзаемадзеянні і не з'яўляюцца канкуруючымі. Інфармацыя праваабаронцаў, несумнеўна, будзе спрыяць фармаванню аб'ектыўнай карціны палітычнага жыцця ў Беларусі і, у прыватнасці, у Барысаўскім рэгіёне.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”