Гродна: Штабы кандыдатаў заклікаюць пашырыць пералік месцаў для агітацыі
Прадстаўнікі гродзенскіх штабоў дэмакратычных кандыдатаў у прэзідэнты накіравалі звароты ў Гродзенскі гарвыканкам з прапановай перагледзець рашэнне, якое вызначае пералік месцаў у горадзе над Нёманам, дзе можна весці выбарчую агітацыю. На іх думку, прынятае рашэнне істотна абмяжоўвае адкрыты і шырокі доступ да выбаршчыкаў, а значыць і права на агітацыю. Прыкладам, такую заяву ў выканаўчы камітэт накіраваў Юрый Істомін, старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі АГП, актывіст выбарчага штабу Яраслава Раманчука. Ён заяўляе, што на дадзеным этапе выбарчага працэсу патрэбны большыя адкрытасць і галоснасць. У ліку іншых аргумантаў палітык спасылаецца таксама на станоўчае рашэнне Мінскага гарвыканкама, якое істотна пашырыла колькасць месцаў для вядзення агітацыі. Аналагічную заяву ў Гродзенскі гарвыканкам накіраваў Дзмітрый Бандарчук, актывіст выбарчага штабу Уладзіміра Някляева.
Нагадаем, што на мінулым тыдні калектыўную заяву на гэты конт накіравалі абласной выканаўчай уладзе і абласной тэрытарыяльна-выбарчай камісіі гродзенскія праваабаронцы. Аднак, зменаў у рашэнні гарвыканкаму пакуль няма. Назіральнікі мяркуюць, што гродзенская гарадская “вертыкаль” самастойна змяніць рашэнне не можа і чакае ўказанняў “зверху”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”