Смаргонь: Абскарджваецца рашэнне аб вызначаных месцах для агітацыі
Назіральнік у Смаргонскай раённай камісіі Алесь Дзергачоў
накіраваў у райвыканкам скаргу на рашэнне гэтага органа ад 3 лістапада,
датычнае вызначэння месцаў для агітацыі.
У скарзе адзначана: “Вызначаныя ў рашэнні месцы пазбаўляюць як кандыдатаў, так
і выбаршчыкаў права ўсебакова і поўна распаўсюджваць і атрымліваць
інфармацыю аб кандыдатах і іх праграмах, бо гэтыя месцы знаходзяцца далёка ад цэнтра
горада і таму не ствараюць належных умоваў.
Напрыклад, школа №6 разлічана толькі на выбаршчыкаў мікрараёна “Карані”, паколькі
ён адарваны ад астатняй часткі горада. Дом культуры зручны толькі для
жыхароў мікрараёна “Заходні”, школа №7 – часткі мікрараёна “Усходні”.
Пры гэтым жыхары цэнтра горада і іншых мікрараёнаў мусяць прыстасоўвацца да
створаных рашэннем выканкама цяжкасцяў для сустрэч.
У той жа час месца агітацыі ў форме сходаў і пікетавання на ўвесь Смаргонскі
раён вызначана толькі адно - амфітэатр у гарадскім парку, які наведваецца
выбаршчыкамі ў асноўным улетку. Таму ў асенне-зімовую пару гэтае месца ўвогуле
не прыгоднае для такіх мерапрыемстваў .
Акрамя таго, кандыдаты увогуле пазбаўлены магчымасці сустракацца ў рознай форме
з выбаршчыкамі сельскай мясцовасці на адкрытым паветры”.
У скарзе утрымліваецца наступная прапанова: “Адмяніць рашэнне Смаргонскага
раённага выканаўчага камітэта ад 3 лістапада 2010 г. за №965 і прызначыць
месцы для правядзення сходаў па-за памяшканняў, мітынгаў,
пікетавання ў кожным мікрараёне горада Смаргонь і кожным аграгарадку
раёна; задзейнічаць ўсе школы Смаргоні, у тым ліку №1,2, 3, 4, 5
(яны найбольш набліжаны да выбаршчыкаў) для правядзення
сустрэч кандыдатаў і іх давераных асоб з выбаршчыкамі.
Найлепшым варыянтам было б прыняць рашэнне аб месцах правядзення агітацыі па
прыкладу Мінгарвыканкама, які забараніў праводзіць перадвыбарчыя масавыя
мерапрыемствы па-за памяшканняў толькі ў некалькіх кропках горада”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”