Светлагорск: Ёсць пытанні да ўлады? Узгадні з начальствам
Напярэдадні выбараў прэзідэнцкая “вертыкаль” праводзіць прапагандысцкія мерапрыемствы з насельніцтвам. У Светлагорску плануецца сустрэча старшыні Гомельскага аблвыканкама А. Якабсона з моладдзю. Моладзь на сустрэчу рыхтуюць загадзя, “пытанні з залы” – таксама.
Увечары 24 лістапада ў Светлагорску адбудзецца сустрэча старшыні Гомельскага аблвыканкама з моладдзю. Дзеючы прэзідэнт і яго “вертыкаль” усяляк клапоцяцца пра моладзь – такі лейтматыў падобных сустрэч. Аднак ні ў мясцовай прэсе, ні на афіцыйных сайтах, ні на інфармацыйных тумбах у горадзе знайсці аб’яву аб мерапрыемстве не атрымалася. Як моладзь даведаецца пра сустрэчу, каб прыйсці на яе?
– Удзельнікаў на гэтую сустрэчу падбіраюць загадзя, – распавёў супрацоўнік упраўлення аднаго з заводаў, які папрасіў не называць яго імя. – Займаюцца гэтым аддзелы па ідэалогіі і кіраўнікі БРСМ.
Кажуць, што падчас сустрэчы можна падыйсці да мікрафона ў зале і задаць А. Якабсону надзённыя пытанні, якія хвалююць моладзь.
– Пытанні, якія будуць задаваць на сустрэчы, таксама рыхтуюць зараней, – патлумачыў наш суразмоўца. – Іх трэба ўзгадніць з намеснікам дырэктара па ідэалогіі, альбо з кіраўніцтвам БРСМ.
Падобныя мерапрыемствы праводзіліся і перад мінулымі выбарамі. Аднак на гэты раз сустрэча пройдзе не ў гарадскім цэнтры культуры, а ў сярэдняй школе № 12. Школа стаіць на ускраіне горада, і наўрад ці хто з моладзі пойдзе на мерапрыемства – акрамя тых, каго абавяжуць там прысутнічаць.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”