Мазыр: Давераную асобу Рымашэўскага затрымлівалі па дарозе ў Мінск
Прадстаўнік выбарчага штаба В. Рымашэўскага ў Мазырскім раёне Алесь Кавальчук раніцай 24 лістапада быў затрыманы супрацоўнікамі мясцовай міліцыі пры выездзе з горада на асабістым аўтамабілі.
Раніцай 24 лістапада Алесь Кавальчук ехаў у Мінск на асабістым аўтамабілі, каб атрымаць у штабе кандыдата ў прэзідэнты друкаваныя агітацыйныя матэрыялы. Прыкладна ў 9:45 яго аўтамабіль быў спынены пры выездзе з горада двума супрацоўнікамі міліцыі. Праверыўшы багажнік і дакументы, міліцыянты папрасілі Алеся Кавальчука праехаць да будынка Мазырскага РАУС. Прычына, па словах супрацоўнікаў міліцыі, у тым, што аўтамабіль, магчыма, лічыцца ва ўгоне.
Па ягоных словах, каля будынка Мазырскага РАУС адзін міліцыянер пайшоў высвятляць: ці лічыцца аўтамабіль ва ўгоне, а другі – капітан - застаўся.
“Я падыйшоў да яго і прад’явіў пасведчанне даверанай асобы кандыдата ў прэзідэнты, патлумачыў, чаму еду ў Мінск. Нагадаў, што абавязаны там быць у 14:00. І калі яны мяне затрымаюць, то агітацыйная літаратура не будзе своечасова атрымана. Некалькі разоў патэлефанаваў Віталю Рымашэўскаму”, - распавёў Алесь Кавальчук.
Потым з будынка РАУС выйшаў першы міліцыянер, чамусці трэцім разам зазірнуў у багажнік, папрасіў прабачэння, што мяне затрымалі і вярнуў пасведчанне кіроўцы.
“Я так разумею, што была дадзена каманда, каб у гэты дзень як мага меней людзей паехала ў Мінск”, - кажа Алесь Кавальчук і звязвае гэта з заклікам кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага да выбаршчыкаў прыйсці на Кастрычніцкую плошчу.
Таксама Алесь Кавальчук паведаміў, што прыхільнікі Віталя Рымашэўскага ў Калінкавічах і Бабруйску ў той жа дзень таксама апынуліся пад асаблівай увагай супрацоўнікаў міліцыі. Там раніцай 24 лістапада да людзей у прыватныя сядзібы прыйшлі міліцыянеры і склалі пратаколы нібыта на неўпарадкаванасць тэрыторый падворкаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
На фота: Алесь Кавальчук (справа) збірае подпісы за Віталя Рымашэўскага ў Мазыры