Рада БНР прапанавала “жалезную заслону” для КДБ і АМАПу
Рада БНР зьвярнулася да ўраду шэрагу
краінаў з прапановай увесьці забарону на ўезд для супрацоўнікаў сілавых і
праваахоўных структураў Беларусі і членаў іх сем’яў.
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла заяву, у якой выказала
“занепакоенасьць надзвычай брутальнымі нават для рэжыму Лукашэнкі рэпрэсіўнымі
дзеяньнямі ў дачыненьні да актывістаў апазыцыі, палітычных і праваабарончых
арганізацыяў, журналістаў незалежных сродкаў масавай інфармацыі, якія
разгарнуліся ў Беларусі пасьля так званых прэзыдэнцкіх “выбараў” 19 сьнежня і
набываюць усё большы маштаб. Рэпрэсіі закранаюць ня толькі актывістаў, але і
членаў іх сем’яў”.
Рада БНР зьвяртаецца да ўрадаў краінаў Эўразьвязу, ЗША, Канады, Украіны,
Турэччыны і Ягіпту з заклікам “забараніць уезд на тэрыторыю гэтых краінаў
супрацоўнікам КДБ і іншых спэцслужбаў, сыстэмы міністэрства ўнутраных
спраў, судоў і пракуратуры Рэспублікі Беларусь, а таксама членам іх
сем’яў. Рада БНР разглядае вышэйназваныя структуры як рэпрэсіўны мэханізм, які
скарыстоўваецца супраць актывістаў дэмакратычнай апазыцыі”.
Рада БНР прапануе, каб гэтая “забарона на ўезд дзейнічала да моманту
вызваленьня апошняга ў Беларусі палітычнага вязьня і скасаваньня усіх крымінальных
і адміністрацыйных спраў у дачыненьні да асоб, якіх перасьледуюць за іх
палітычную пазыцыю”.