viasna on patreon

Наталля Радзіна: “Гэтыя суды павінны спыніцца”

2011 2011-03-22T09:46:08+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/radzina-natallia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Рэдактар сайта «Хартыя-97» Наталля Радзіна, якая з’яўляецца абвінавачанай па справе аб масавых беспарадках і была выпушчана з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе, жыве зараз па месцы прапіскі ў горадзе Кобрыне. Пра сённяшняе жыццё Наталлі і меркаванні наконт апошніх падзей – у інтэрвью з журналісткай.

- Ці не адбіліся на вас уцёкі Алеся Міхалевіча?

- Пакуль яшчэ з боку ўладаў ніякіх дзеянняў прадпрынята не было. Мяне не выклікалі ў адзяленне міліцыі, не прыязджалі за мной, як звычайна, ніхто не званіў. Я думаю, што верагодна назіранне за мной узмацнілася, таму што яўна яно тут вядзецца, але я пакуль асаблівых зменаў не адчула.

- Як вы расцэньваеце гэты ўчынак Міхалевіча?

- Я не магу яго асуджаць. Я разумею ягоны ўчынак, калі праўда, што яго жыццю  пагражала небяспека пасля тых сенсацыйных прызнанняў, што ён зрабіў. Гэта сапраўды вялікая рызыка ў нашай краіне, я не магу яго асуджаць. Мяне зусім не цікавіць -- супрацоўнік КДБ Міхалевіч ці не супрацоўнік КДБ. Мне вельмі не падабаюцца размовы і артыкулы, якія сёння з’явіліся ў інтэрнэце, дзе так шмат увагі адводзяць гэтай тэме. Не падабаецца мне гэта таму, што галоўная тэма – тэма катаванняў у беларускіх турмах, у прыватнасці, у СІЗА КДБ, дзе сёння ўтрымліваюцца лідэры беларускай апазіцыі. А тэма гэтая сыходзіць на задні план, адсоўваецца ўбок, свядома ці несвядома гэта робіцца – я не ведаю. А што тычыцца самога Алеся Міхалевіча, улічваючы яго пазіцыю падчас прэзідэнцкіх выбараў, могуць быць нейкія сумневы ў тым, як ён будзе сябе паводзіць далей як палітык. Але ў дадзеным выпадку, як вязень КДБ, ён здзейсніў геройскі ўчынак, калі расказаў пра тое, што там адбывалася. І яго паказанні падцвердзіў Аляксандр Атрошчанкаў, негалосна падцвярджаюць і іншыя, хто аддтуль выйшаў. Не толькі палітычныя, але і эканамічныя вязні СІЗА КДБ. Такія адносіны да іх пачаліся пасля 19 снежня. Таму прашу перастаць абмяркоўваць: агент не агент Міхалевіч, зараз трэба ўвесь час падымаць пытанне, што ў СІЗА КДБ могуць здзеквацца з людзей.

- Вы таксама знаходзіліся ў СІЗА КДБ. Што вы можаце сказаць пра ўмовы, у якіх знаходзіліся?

- Адносіны да жанчын, безумоўна, больш лаяльныя. Іншая справа, што прыходзілася спаць на дошках, на бетоннай падлозе, не было ў камеры прыбіральні. Адсюль праблемы са здароўем узнікалі. Холад у камеры.

- Наколькі цяжка вытрымаць умовы СІЗА КДБ, каб не здрадзіць самой сабе?

- Гэта тычыцца не толькі жанчын, але і мужчын. Гэта залежыць ад таго, што ты за чалавек, якім цябе выхавалі бацькі. У любых сітуацыях, якімі б цяжкімі яны ні былі, трэба заставацца чалавекам і не зламацца. Мяне бацькі выхавалі добра, таму ў СІЗА КДБ зламаць не атрымалася.

- Ці вам выпадала сядзець з людзьмі, далёкімі ад палітыкі? І як яны да вас ставіліся?

- Добра, па-чалавечы, дапамагалі, падтрымлівалі. Гэтых людзей ніколі не забуду, і мы яшчэ сустрэнемся з імі на волі.

- Вам пагражае турэмнае зняволенне. Ці вы падрыхтаваны да гэтага?

- Калі ты там ужо быў, то, пэўна, маральна ты да гэтага ўжо падрыхтаваны. Хаця быць гатовым да гэтага проста немагчыма, таму што для любога чалавека сітуацыя з пазбаўленнем волі -- цяжкая. Калі жывеш у гэтай краіне, то трэба ведаць, што ў любы час ты можаш апынуцца за кратамі. Гэта тычыцца не толькі мяне, але і іншых людзей, якія маюць альтэрнатыўныя погляды.

- Вы спадзяецеся, што сітуацыя з арыштаванымі павернецца ў лепшы бок?

- Гэтыя суды павінны спыніцца. Усе вызвалены і абвінавачванні зняты. Усё будзе залежыць ад ціску Захаду. Калі яны прадпрымуць тыя меры, пра якія гавораць, то сітуацыя зменіцца ў лепшы бок. Калі не, то ўсё застанецца як ёсць.

- Чаму следства па крымінальнай справе працягнута да 20 траўня?

- Таму што няма ніякіх доказаў. Справа ліпавая, раздутая спецслужбамі. Я згодна з праваабаронцамі, што ўзнікла дзікая сітуацыя, калі справа яшчэ расследуецца, а людзей ужо асуджаюць. Зразумела, што няма за што людзей садзіць, але тым не менш людзей пазбаўляюць волі.

- Ці няма шкадавання ў вас, што ў сувязі з вашай дзейнасцю вы можаце апынуцца за кратамі?

- Я не займаюся палітыкай, я журналістка. Але ў нашай дзяржаве незалежныя журналісты для ўладаў аказваюцца небяспечнымі. Канешне, я не выпадкова трапіла ў гэты млын. Я працую незалежнай журналісткай, рэдактарам сайта “Хартыя – 97” . І ад таго, што я трапіла ў СІЗА КДБ і мне пагражае  турма, я не шкадую, што займаюся незалежнай журналістыкай. І я буду ёю займацца.

 

“Правабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства