viasna on patreon

Непаўнагадовую праз дэканат выклікаюць на адміністрацыйную камісію

2011 2011-03-22T10:37:09+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/lantsug_salidarnastsi.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Нагодай для гэтага з’яўляецца ўдзел Ганны Шкадун у акцыі Салідарнасці, якая адбылася 16 студзеня.

“Учора мне патэлефанавала куратар групы, у якой вучыцца мая дачка Ганна, - гаворыць грамадская актывістка Наталля Шкадун, - і паведаміла, што ў дэканат з міліцыі на маю дачку прыйшоў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Да ўдзелу ў пасяджэнні камісіі Ленінскага РАУСа запрашаецца прадстаўнік дэканата, куратар групы і мая дачка”.

Наталля Шкадун адзначае, што асабіста яе на гэтае пасяджэнне ніхто не запрашаў, тым не менш, яна, як маці, мае намер прысутнічаць на ім.

“Пасяджэнне адміністрацыйнай камісіі мусіць адбыцца 24 сакавіка, - працягвае Наталля, - думаю, што з універсітэта за гэта не адлічаць, аднак могуць паставіць на ўлік у камісіі па справах непаўнагадовых”.

Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што двухмесячны тэрмін, калі можна было прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці, выйшаў, і здзіўлены такім паваротам падзей.

“Непаўнагадовая Ганна на акцыі Салідарнасці была разам са сваёй маці, якая адказвае да яе. Тут няма падстаў для яе пакарання і для пастаноўкі яе на ўлік, бо тут за яе дзеянні адказвае яе маці. Я лічу, што гэта палітычны пераслед”, - гаворыць Барыс Бухель.

Нагадаем, што Ганна Шкадун вучыцца на першым курсе фізіка-матэматычнага факультэта Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова.

“Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства