viasna on patreon

Актывістаў Віцебшчыны папярэджваюць пра недапушчальнасьць ўдзелу ў забароненых акцыях

2011 2011-03-24T10:30:13+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vicebsk-zeliapau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Віцебскага каардынатара руху “За свабоду” Хрыстафора Жаляпава (на фота) выклікалі на прафілактычную гутарку ў Чыгуначны РАУС, каб яшчэ раз нагадаць, што мясцовая раённая адміністрацыя забараніла праводзіць акцыю да Дня Волі.

Пікет быў замоўлены на вечар 25 сакавіка ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў. Але з Чыгуначнай раённай адміністрацыі актывістам напісалі, што  праводзіць мітынг  забаронена, бо якраз тым самым часам сваю акцыю “Разам – супраць сухотаў” у парку будзе ладзіць аддзел аховы здароўя.

У Чыгуначны райаддзел міліцыі спадара Жаляпава выклікалі як аднаго з заяўнікаў на пікет на мітынг. Намеснік начальніка райаддзела спадар Катовіч  яшчэ раз нагадаў пра забарону, папярэдзіўшы, што ў выпадку самавольнага правядзення акцыі ўдзельнікаў прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці.

Моладзеваму актывісту з Мёраў Яўгену Пальчэўскаму кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства, на якім ён працуе, загадала перапыніць адпачынак і 25 сакавіка абавязкова выйсці на працу.

“Мне загадана абавязкова выйсьці на працу ў гэты дзень. Кажуць, быў нейкі тэлефонны званок да кіраўніцтва, і было загадана забяспечыць, каб я 25 сакавіка не выязжаў з горада. Напэўна, нехта меркаваў, што я абавязкова паеду ў Мінск. Хаця я і не збіраўся”, -- кажа хлопец.

Актывісты з Мёраў меркавалі правесці акцыю да Дня Волі ў сваім райцэнтры, але мясцовы выканкам не даў дазволу. Усяго на Віцебшчыне забаранілі 7 акцый, прымеркаваных да 25 сакавіка – ніводная заяўка прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадскасці не была задаволена.

“Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства