viasna on patreon

Тыднёвы агляд паслявыбарчай сітуацыі ў Беларусі (21-27 сакавіка)

2011 2011-03-28T10:18:02+0300 2018-11-22T16:07:13+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/humanrightsviolations.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

22 сакавіка адразу ў двух судах Менску пачаліся працэсы па палітычна матываваных крымінальных справах. Адзін з іх – над маладафронтаўцамі Змітром Дашкевічам і Эдуардам Лобавым (па ч.3 арт. 339 КК РБ – злоснае  хуліганства) у выніку завяршыўся вынесеннем новых прысудаў: З. Дашкевічу – 2 гады калоніі агульнага рэжыму, Э. Лобаву – 4 гады ўзмоцненага рэжыму. Разгляд крымінальнай справы 20-гадовага моладзевага актывіста Мікіты Ліхавіда за ўдзел у масавых беспарадках перанесены на 29 сакавіка. У ягонай справе фігуруе 31 (!) пацярпелы міліцыянт. Важная гістарычная дата 25 сакавіка – Дзень Волі, калі штогод дэмакратычная грамадскасць традыцыйна адзначае ўгодкі абвяшчэння БНР, стала падставай для ўзмацнення ціску на прадстаўнікоў апазіцыі і незалежнай прэсы. Пры гэтым улады забаранілі правядзенне акцыяў у гэты дзень ва ўсіх рэгіёнах краіны, а мясцовых актывістаў заклікалі не ехаць у Менск. Арыштамі на трое сутак былі пакараныя двое журналістаў: Аляксандр Лашманкін – рэдактар інфармацыйнага агенцтва «Свабода» (Самара), афіцыйна акрэдытаваны ў Беларусі, і Алесь Асіпцоў з Магілёву, трэці – Уладзімір Лапцэвіч знаходзіцца за кратамі ў чаканні суду.

Палітычна матываваны крымінальны пераслед

21 сакавіка ў Менску былі затрыманыя яшчэ трое падазраваных па крымінальнай справе, узбуджанай па паслявыбарчых падзеях. Імі аказаліся “найбольш актыўныя ўдзельнікі масавых беспарадкаў” у Менску – Мацукевіч Віталь, Шарстоў Аляксей і  Гусельцаў Д.В. (усе 1987 г.н). Пра гэта БЕЛТА 26 сакавіка паведамілі ў цэнтры інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ. Па звестках інфармацыйнага агенцтва, следчым упраўленнем «падведзеная рыса ў правядзенні мерапрыемстваў па вышуку і ўсталяванні асобаў, што справакавалі пагромы 19 снежня 2010 году на Плошчы Незалежнасці Менску і прымалі ў іх непасрэдны ўдзел».

Акрамя таго, БЕЛТА паведаміла, што 24 сакавіка завершылася азнаямленне з матэрыяламі крымінальнай справы кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча, абвінавачанага ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Палітык “падпісаў адпаведны пратакол – першы дакумент за ўвесь перыяд  папярэдняга следства, у якім абвінавачаны паставіў свой подпіс”.

25 сакавіка абвінавачанне ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч.1 арт. 293 КК РБ) прад’яўлена кандыдату ў прэзідэнты Андрэю Саннікаву

Былы кандыдат у прэзідэнты Дзмітры Ус, авінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў, падаў у пракуратуру скаргу на следчага за паклёп.

Калі ён знаёміўся з крымінальнай справай, там не было многіх фактаў, якія з'явіліся ў абвінавачанні, што і паслужыла падставай для звароту у пракуратуру.

22-24 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёну сталіцы праходзіў судовы разгляд крымінальнай справы лідэра “Маладога Фронту” З. Дашкевіча і кіраўніка менскай суполкі арганізацыі Э. Лобава па абвінавачванню ў асабліва злосным хуліганстве (ч.3 арт.339 КК РБ), здзейсненым 18 снежня 2010 г. Прысуд, абвешчаны суддзёй Аленай Шылько: Дашкевічу – 2 гады калоніі агульнага рэжыму, Лобаву – 4 гады ўзмоцненага рэжыму.

Нягледзячы на тое, што фармальна гэтая справа і не мае дачынення да падзеяў 19 снежня, аднак яна наўпрост знаходзіцца ў адным ланцужку, бо затрыманне  іх падстаўнікамі беларускіх спецслужбаў адбылося з мэтай ізалявання напярэдадні акцыі пратэсту. Толькі на наступны дзень грамадзкасці было паведамлена, што маладыя людзі быццам бы самі здзейснілі цяжкае злачынства. Аналізуючы ход судовага працэсу, праваабаронцы прыйшлі да наступных высноваў: судовае паседжанне праходзіла з яўным абвінаваўчым ухілам, не задавальняліся важныя хадайніцтвы адвакатаў; у залі суда адсутнічалі пацярпелыя, суд не прыняў усе намаганні для поўнага, усебаковага і аб’ектыўнага даследвання справы, бясспрэчных доказаў віны Дашкевіча і Лобава ў матэрыялах справы няма.

Разгляд крымінальнай справы Мікіты Ліхавіда па абвінавачанню ва ўдзеле ў масавых беспарадках пачаўся ў Партызанскім райсудзе сталіцы. Працэс вяла суддзя Наталля Пыкіна. Не ўсе жадаючыя змаглі трапіць на паседжанне з-за недахопу месца: у судовай залі прысутнічалі  29 пацярпелых міліцыянтаў з 31 (!). Пры гэтым звесткі пра цялесныя пашкоджанні большасці пацярпелых не падмацаваныя матэрыяламі судова-медыцынскай экспертызы, па якую пацярпелыя не звярталіся. Больш за тое, ніводны з дапытаных пацярпелых не сведчыў, што ён пацярпеў асабіста ад Мікіты Ліхавіда. З-за немагчымасці адвакаткі прысутнічаць на судовым паседжанні, разгляд справы 24 сакавіка перанесены на 29. Бацькі М.Ліхавіда настойваюць на прыцягненні да адказнасці міліцыянта Аляксандра Багданава, які складаў на яго адміністрацыйны пратакол за удзел у акцыі 19 снежня, хоць не затрымліваў актывіста не бачыў, што той рабіў на плошчы.

25 сакавіка Менгарсуд пакінуў прысуд, вынесены па справе аб масавых беспарадках Васілю Парфянкову, які пакараны чатырма гадамі пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму, без зменаў.

Умовы ўтрымання і катаванні

22 сакавіка, упершыню пасля 29 снежня 2010 года, адвакат змагла сустрэцца ў СІЗА КДБ са зняволеным старшынём АГП Анатолем Лябедзькам. 25 сакавіка з Паўлам Севярынцам сустрэўся адвакат Вадзім Мушынскі. Для палітвязня гэта таксама другая сустрэча з адвакатам за час зняволення: 29 снежня з ім сустракаўся адвакат Павел Сапелка, пазней адхілены ад адвакацкай дзейнасці. Таксама ўпершыню за 3 месяцы арышту каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Змітра Бандарэнку змагла наведаць у СІЗА адвакат. Да гэтага часу ён бачыўся з абаронцам двойчы на допытах, але абмяркоўваць абставіны справы яны не маглі. У зняволенага маюцца сур'ёзныя праблемы са здароўем. З-за хваробы пазваночніка у яго амаль абязрушаная нага і ўзніклі праблемы з функцыянаваннем органаў малога таза.

22 сакавіка вядомы журналіст і палітолаг Аляксандр Класкоўскі, бацька арыштаванага па падзях 19 снежня былога міліцыянта, атрымаў адказ ад Генеральнага пракурора Рыгора Васілевіч на свой адкрыты ліст, надрукаваны 11 сакавіка ў газеце "Народная воля". У ім паведамляецца, што "ў ходзе праведзенай 14.03.2011 праверкі Класкоўскі А.А. скаргі на ўмовы і парадак утрымання ў следчым ізалятары КДБ Рэспублікі Беларусь, а таксама на дзеянні супрацоўнікаў органаў дзяржаўнай бяспекі не выказваў".

Правесці праверку умоваў ўтрымання ў СІЗА КДБ пасля апублікаваных у СМІ аповядаў экс-кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча патрабавалі і віцебскія актывісты, якія накіравалі адпаведны зварот у Генеральную пракуратуру. Аднак ведамства перанакіравала зварот у Менскую гарадскую пракуратуру, фармальна падыйшоўшы да справы.

Асуджанага Аляксандра Атрошчанкава перавялі з СІЗА КДБ на Валадарку. 22 сакавіка яму споўнілася 30 гадоў.

Асуджанага Аляксандра Малчанава перавялі ў Магілёўскую калонію. Па словах бацькоў удзельніка Плошчы, ён вырашыў падаць касацыйную скаргу.

Затрыманні і  адміністрацыйныя пакаранні дэмакратычных актывістаў

22 сакавіка ля будынка Маскоўскага райсуду за расцяжку ў падтрымку маладафронтаўцаў Дашкевіча і Лобава падчас судовага разгляду крымінальнай справы былі затрыманыя Рыгор Астапеня і Іван Шыла. На наступны дзень суд Маскоўскага раёну пакараў Астапеню адміністрацыйным арыштам тэрмінам на 10 сутак (суддзя Тацяна Матыль), Івана Шулы – на 13 сутак (суддзя Яўген Хаткевіч).

25 сакавіка Чыгуначны райсуд Віцебска прызнаў Сяргея Каваленку вінаватым у дробным хуліганстве і арганізацыі несанкцыянаванай акцыі. Напярэдадні актывіст быў затрыманы з трыма бел-чырвона-белымі сцягамі. Суддзя Алена Цыганкова пакарала Сяргея Каваленку арыштам на 7 сутак.

Двойчы за тыдзень пакараны мільённымі штрафамі віцебскі апазіцыянер і распаўсюднік незалежнай прэсы Барыс Хамайда23 сакавіка і 25 сакавіка.

Абмежаванні свабоды слова

22 сакавіка супрацоўнікі КДБ затрымалі журналіста Радыё Рацыя Барыса Гарэцкага падчас знаходжання ў судзе Партызанскага раёну сталіцы, дзе разглядалася крымінальная справа М. Ліхавіда. Пасля праведзення допыту і папярэджання пра адказнасць за ўдзел у акцыі 25 сакавіка, яго назад даставілі ў суд.

23 сакавіка Вышэйшы гаспадарчы суд пачаў разглядаць зыск рэдакцыі «Народнай волі» да Мінінфармацыі аб адмене папярэджання газеце ад 14 студзеня, якое было авынесена за публікацыю артыкула «Хто пачуе лозунг „Сыходзь!“?» ( № № 152–153 ад 28–30 верасня 2010 г.), у якім, на думку міністэрства, распаўсюджана інфармацыя ад імя незарэгістраванай арганізацыі (арт. 38 закона «Аб СМІ»). Слуханні па скарзе працягнуцца  28 сакавіка.

Журналісту «Газеты Выборчай» Анджэю Пачобуту забаранілі выезд з Беларусі. Пра гэта ён даведаўся, калі паспрабаваў трапіць на канферэнцыю «Як дэмакратызаваць Беларусь?», што праходзіла 24 сакавіка ў Варшаве.

24 сакавіка суддзя Аршанскага райсуду Іна Кохава прызнала журналіста Аляксандра Лашманкіна, галоўнага рэдактара праваабарончага інфармагенцтва Свабода (Самара, Расія) вінаватым у дробным хуліганстве і пакарала адміністрацыйным арыштам на трое сутак. Уначы расейскі журналіст быў зняты ў Оршы з цягніка Чэлябінск — Брэст нібыта па падозранню ў перавозцы наркатычных сродкаў. Нічога падобнага ў А. Лакшманкіна знойдзена не было, а пратакол міліцыянты за нецэнзурную лаянку і размахванне рукамі пры затрыманні.

24 сакавіка ў Магілёве супрацоўнікамі патрульна-паставой службы быў затрыманы незалежны журналіст Алесь Асіпцоў. Міліцыянты склалі пратакол за адпраўленне натуральных патрэбаў у грамадскім месцы, згодна з якім паводле арт. 17.1 КаАП РБ - “дробнае хуліганства” журналіст быў асуджаны на трое сутак адміністрацыйнага арышту. 

25 сакавіка ў Магілёве быў затрыманы яшчэ адзін журналіст – пазаштатны карэспандэнт БелаПАН Уладзімір Лапцэвіч, які ішоў асвятляць мерапрыемства, прымеркаване да Дня Волі, — ускладанне кветак да краязнаўчага музея. Міліцыянты склалі пратакол паводле двух артыкулах адміністрацыйнага кодэксу – дробнае хуліганства і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. 28 сакавіка над журналістам мусіць адбыцца суд.

Абмежаванні свабоды мірных сходаў

Акцыі да Дня Волі па ўсёй Беларусі аказаліся пад забаронай. 21 сакавіка аргакамітэт па святкаванню Дня Волі прыняў рашэнне не праводзіць санкцыянаваны ўладамі мітынг на плошчы Бангалор і несанкцыянаванае шэсце ад плошчы Я.Коласа да скверу Я. Купалы. Грамадзянам было прапанавана на працягу 25 сакавіка ўскладаць кветкі да помнікаў беларускіх песняроў. У рэгіёнах апазіцыянераў масава папярэджвалі аб неўдзеле  ў акцыях 25 сакавіка. У Гродна, Бабруйску, Барысаве, Салігорску, на Гомельшчыне  і іншых гарадах праводзіліся “прафілактычныя гутаркі” . Тым ня менш, затрыманняў у гэты дзень пазбегнуць не ўдалося: паводле дадзеных праваабаронцаў, 25 сакавіка было затрымана 70 чалавек — 52 у Менску і 18 у рэгіёнах. Большасць адпусцілі з пастарунку праз тры гадзіны без складання пратаколаў. У менскі ізалятар на Акрэсціна дастаўленыя Віктар Івашкевіч, Мікола Дземідзенка і Ірына Губская. Двое апошніх былі сярод заяўнікаў акцыі. Дзень Волі – хроніка перасьледу.

Палітычна матываваныя звальненні

24 сакавіка суд Маскоўскага раёну Менску адмовіў у задавальненні скаргі адвакату Уладзіміру Тоўсціку на рашэнне Міністэрства юстыцыі аб пазбаўленні яго адвакацкай ліцэнзіі.

Абмежаванні права на свабоду асацыяцый

Кіраўнік ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі атрымаў адказ ад Генеральнага пракурора Рыгора Васілевіча на свой зварот, у якім прапаноўваў адмяніць папярэджанне, вынесенае яму Генпракуратурай 16 лютага  па арт. 193.1 КК Рб.  “Афіцыйнае папярэджанне Вам аб’яўлена абгрунтавана”- адзначае генпракурор.

23 сакавіка палітпрызыўніка Андруся Цянюту выклікалі ў Віцебскі аддзел вайсковай контрвыведкі, дзе афіцыйна папярэдзілі па арт. 193.1 КК РБ  аб недапушчальнасці дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт”. 28 сакавіка Цянюта дэмабілізуецца, што магло паслужыць падставай для прыняцця прафілактычных мераў.

 

“Праваабарончая хроніка”

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства