viasna on patreon

Звольнены пасля выбараў актывіст працы ў Кіраўску так і не знайшоў

2011 2011-04-01T11:32:53+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kashaliokpusty.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Аляксандр Баран, актывіст ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева і кампаніі “Гавары праўду!” з горада Кіраўска Магілёўскай вобласці, які быў звольнены з працы за актыўны ўдзел у кампаніі альтэрнатыўнага кандыдата, не можа ўладкавацца на працу да гэтага часу. Больш за тое, урачэбная камісія 28 сакавіка пазбавіла Аляксандра Барана трэццяй групы інваліднасці, атрыманай у выніку перанесенага інсульта, і ён застаўся без сродкаў для існавання.

Аляксандр Баран быў вымушаны звольніцца з працы ў хуткім часе пасля сканчэння выбарчай прэзідэнцкай кампаніі. Ён працаваў у кацельнай жыллёва-камунальнай гаспадаркі райцэнтра. Неабходна адзначыць, што Аляксандр Баран быў арганізатарам сустрэчы Уладзіміра Някляева ў Кіраўску, збіраў подпісы ў яго падтрымку, ладзіў пікеты і быў назіральнікам у дзень выбараў.

- Мне прапанавалі два варыянты майго звальнення – альбо па артыкуле, альбо па ўласным жаданні. Я выбраў другі варыянт, - распавядае Аляксандр Баран.

Вось ужо на працягу трох месяцаў пасля свайго звальнення актывіст не можа знайсці працу ў Кіраўску. Як кажа Аляксандр, у невялікім раённым гарадку ўладкавацца на працу наогул складана, а яго асабіста яшчэ наймальнікі не жадаюць браць з-за актыўнага ўдзелу ў кампаніі “Гавары праўду!” і ініцыятыўнай групе Уладзіміра Някляева.

- Ужо ў некалькіх арганізацыях на свой запыт аб працаўладкаванні я атрымліваў прыкладна такі адказ: “што ты да нас прыйшоў, ідзі да свайго Някляева і ў яго ўладкоўвайся на працу”, - распавядае Аляксандр Баран. – У іншых установах кажуць, што вакантных працоўных месцаў у іх няма. Пайшоў бы нават грузчыкам у краму, дзе заробак трыста тысяч рублёў, але не магу па стане здароўя, дрэнна сябе адчуваю пасля перанесенага раней інсульта.

На гэтым тыдні грамадскага актывіста з Кіраўска напаткала яшчэ адна непрыемнасць: 28 сакавіка ўрачэная камісія ў горадзе Бабруйску пазбавіла Аляксандра Барана трэццяй групы інваліднасці. Зараз ён застаўся практычна без сродкаў да існавання.

- Па інваліднасці я атрымліваў дзвесці дваццаць тысяч рублёў, гэта дазваляла хоць неяк існаваць, - гаворыць Аляксандр Баран. – Зараз мяне пазбавілі і гэтай невялічкай пенсіі. З рашэннем бабруйскай урачэбнай камісіі я не пагадзіўся, бо па-ранейшаму пасля перанесенага інсульта адчуваю сябе дрэнна. Таму я адразу ж сабраў усе неабходныя дакументы і падаў іх у абласную ўрачэбную камісію ў Магілёў. Зараз буду чакаць, калі яны выклічуць мяне для правядзення медыцынскага агляду.

Аляксандр Баран працягвае прымаць актыўны ўдзел у дзейнасці кампаніі “Гавары праўду!”, распаўсюджвае інфармацыйныя матэрыялы аб палітвязнях і дэмакратычныя выданні ў Кіраўску.

“Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства