viasna on patreon

Паштоўкі салідарнасці дайшлі да палітвязняў

2011 2011-04-04T11:49:53+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/listypalitviazniau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Дэмакратычныя актывісты Бялыніцкага раёна з 2 красавіка пачалі атрымліваць лісты з падзякамі за віншаванні ў Дзень Волі ад палітычных зняволеных. Напярэдадні 25 сакавіка бялыніцкія сябры руху БНФ “Адраджэнне” і кампаніі “Гавары праўду!” даслалі палітвязням больш за пяцьдзесят паштовак з найлепшымі пажаданнямі і словамі падтрымкі.

- Я асабіста атрымаў 2 красавіка два лісты ад палітвязняў, - распавядае старшыня Бялыніцкай раённай арганізацыі руху БНФ “Адраджэнне” Барыс Вырвіч. - Дайшоў ліст ад палітзняволенага яшчэ да аднаго з нашых сяброў. Гэта сведчыць пра тое, што палітвязні атрымалі нашы паштоўкі, што мяне вельмі радуе. Справа ў тым, што ў студзені мы ўжо дасылалі некалькі дзесяткаў паштовак і лістоў палітзняволеным у межах кампаніі салідарнасці, але тады ніхто з актывістаў не атрымаў лістоў у адказ. Шмат з тых паштовых адпраўленняў вярнулася, не дайшоўшы да адрасатаў.

Барыс Вырвіч кажа, што пакуль яму даслалі лісты ў адказ палітзняволеныя Зміцер Дашкевіч і Ілля Васілевіч, якія зараз знаходзяцца ў СІЗА № 1 на вул. Валадарскага ў Мінску.

- Лісты вельмі светлыя і аптымістычныя, - зазначае спадар Барыс.  – У прыватнасці, Зміцер Дашкевіч піша: “Перакананы, што разам мы даможамся незалежнай і справядлівай Беларусі!”. Таксама ён прыводзіць словы з Бібліі: “Яшчэ трохі, і злачынца не стане; паглядзі на месца ягонае і няма яго” А Ілля Васілевіч выказаў нам пажаданні: “Будзьце вольнымі заўсёды, праўда абавязкова павінна перамагчы хлусню”. Ён скончыў ліст словамі “Жыве Беларусь!” і намаляваў наш гістарычны бел-чырвона-белы сцяг.

Дэмакратычныя актывісты Бялыніцкага раёна збіраюцца і найдалей працягваць рэгулярнае ліставанне з палітзняволенымі. Яны лічаць, што такая праява салідарнасці вельмі важная для падтрымкі людзей, якія знаходзяцца за кратамі па палітычных матывах.

“Праваабарончая хроніка”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства