Іван Кулікоў атрымаў 5 гадоў з адтэрміноўкай на 2 гады
Заводзкі суд сталіцы асудзіў былога прэтэндэнта на
пасаду прэзыдэнта Беларусі Івана Кулікова на 5 гадоў з адтэрміноўкай выкананьня
прысуду на 2 гады.
Як падае сайт Абд’яднаных дэмакратычных сілаў, 10
траўня адбыўся суд над экс-прэтэндэнтам на пасаду кіраўніка дзяржавы прафэсарам
Іванам Куліковым. Заводзкі суд сталіцы асудзіў былога
прэтэндэнта на пасаду кіраўніка дзяржавы на 5 гадоў з адтэрміноўкай выкананьня
прысуду на 2 гады.
Кулікоў працаваў загадчыкам лябараторыі ў Інстытуце энэргетычных і ядзерных
дасьледаваньняў "Сосны". У студзені Кулікова арыштавалі за тое, што,
нібыта, на працягу 8 гадоў ён налічваў зарплату "мёртвым душам".
Як распавёў Іван Кулікоў ў прамым эфіры "Эўрарадыё", ён прызнаў віну
толькі ў тым, што "несьвядома парушыў закон", крадзеж ён не прызнаў.
Прафэсар Іван Кулікоў хоча працягваць працаваць у інстытуце "Сосны".
Ён кажа, што мае адпачынак да 18 траўня. Тады ён будзе высьвятляць, якія ў яго
шанцы працягнуць працу ў інстытуце.
Нагадаем, што Іван Кулікоў балятаваўся ў прэзыдэнты на мінулых выбарах, але
зьняў сваю кандыдатуру на этапе збору подпісаў. Празь месяц пасьля выбараў
навукоўцу было выстаўлена абвінавачваньне ў крадзяжы шляхам злоўжываньня
службовымі паўнамоцтвамі, зьдзейсьненым ў буйным памеры.
У сакавіку стала вядома, што Кулікову перакваліфікавалі абвінавачваньне на
"прычыненьне шкоды ў значным памеры шляхам атрыманьня выгады ў выніку
падману, злоўжываньня даверам цi шляхам мадыфікацыі кампутарнай інфармацыі пры
адсутнасьці прыкмет крадзяжу".
Паводле новых дадзеных сьледзтва, навуковец на працягу 8 гадоў налічваў
зарплату "мёртвым душам", але гаворка ўжо ідзе не пра 22 мільёны, а
пра 8.600.000 рублёў. І цяпер сьледзтва ня думае, што ў мінулым патэнцыйны
кандыдат у прэзыдэнты іх скраў.