viasna on patreon

Павел Сапелка: Пасля працэсаў па справе 19 снежня Мінюст напэўна хоча аддаць адвакатам “па заслугах”

2011 2011-06-06T10:32:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sapelkapaviel.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Павел Сапелка

Павел Сапелка

Павел Сапелка накіраваў у Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь зварот з нагоды Загаду Міністэрства юстыцыі пра пазачарговую атэстацыю адвакатаў. Ён указвае, што гэты дакумент парушае і міжнародныя прававыя нормы і палажэнні нацыянальнага заканадаўства. Былы адвакат лічыць гэты крок Мінюста чарговай спробай умяшальніцтва ў дзейнасць незалежнага інстытута адвакатуры і расправы з адвакатамі, якія прыйшліся не да спадобы.

У адпаведнасці з Загадам Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 30 траўня 2011 года № 135, да 5 чэрвеня павінны быць утвораны тэрытарыяльныя атэстацыйныя камісіі з прадстаўнікоў галоўных упраўленняў юстыцыі, органаў адвакацкага самакіравання, дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў, судоў і прадстаўнікоў юрыдычнай навукі. 

У сувязі з гэтым у сваім звароце Павел Сапелка адзначае, што паводле дзеючых нормаў заканадаўства “атэстацыю адвакатаў праводзіць атэстацыйная камісія калегіі адвакатаў, якая прызначаецца прызідыумам адпаведнай калегіі адвакатаў. Склад атэстацыйнай камісіі фармуецца з  не менш за пяцёх кваліфікаваных адвакатаў, якія маюць стаж працы ў адвакатуры не менш за пяць гадоў і не падлягаюць атэстацыі на дадзены момант”. На гэтым фоне склад атэстацыйных камісій, прапісаны ў Загадзе Мінюста, не вытрымлівае крытыкі. 

“Па-першае, усе сябры гэтых камісій за выключэннем адвакатаў наўрад ці ў поўнай меры ўяўляюць усю спецыфіку працы адваката. І я сумняюся, што дзесьці, акрамя Беларусі, ёсць такая форма праверкі адпаведнасці адваката кваліфікацыйным патрабаванням – менавіта сіламі дэпутатаў, суддзяў, работнікаў органа ўпраўлення Міністэрства юстыцыі. Хіба што такое магчыма яшчэ дзесьці ў сярэднеазіяцкіх рэспубліках былога СССР, - адзначае П.Сапелка. – Па-другое, так ці інакш, усе яны звязаныя з органамі ўлады і кіравання і гэта па сутнасці форма ціску на адвакатуру”.

Юрыст падкрэслівае, што ў прынцыпе з’яўленне гэтага Загаду нельга разглядаць інакш як форму ціску на адвакатуру. Гэты інстытут з’яўляецца незалежным паводле азначэння, што выключае ўсялякае ўмяшальніцтва ў яго дзейнасць. Акрамя таго, дадзены Загад супярэчыць розным нарматыўным актам, рэгулюючым адвакацкую дзейнасць, у тым ліку палажэнням Закона “Аб адвакатуры” і Пастанове самога ж Міністэрства юстыцыі “Аб зацверджанні Інструкцыі аб парадку правядзення атэстацыі адвакатаў”. І пра пазачарговую атэстацыю адвакатаў напрамую нідзе не гаворыцца.

“Ужо сам факт узнікнення гэтай ідэі сведчыць пра тое, што, відавочна, Міністэрства юстыцыі хоча нейкім чынам правесці лёгкі перагляд сябраў  калегій і напэўна адсеяць тых, хто з нейкіх прычынаў прыйшоўся не да спадобы органам улады і кіравання, а магчыма і судам”, - мяркуе П.Сапелка.

Аднак тут трэба адзначыць, што Указ Прэзідэнта “Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці” напрамую не прадугледжвае ў якасці падставы для пазбаўлення ліцэнзіі непраходжанне атэстацыі.

“Але ўзнікае падазрэнне, што Мінюст будзе шырока трактаваць гэты Указ і нейкім чынам зможа абгрунтаваць адлічэнне тых ці іншых адвакатаў з калегіі альбо пастаноўку пытання пра пазбаўленне іх ліцэнзіі, - перасцерагае П.Сапелка. – А судовая перспектыва абскарджання ўжо зараз зразумелая. Мы мелі магчымасць назіраць гэта на прыкладзе тых адвакатаў, якія ўжо абскарджвалі пазбаўленне ліцэнзіі - безвынікова”.

Мінюст тлумачыць неабходнасць пазачарговай атэстацыі ўсіх адвакатаў Беларусі - з абласных і Мінскай гарадской калегій – мэтамі падвышэння адказнасці і якасці выканання імі прафесійных абавязкаў. Але, напрыклад, для былога адваката відавочныя іншыя мэты:

“Я мяркую, што зараз – пасля таго, як адбыліся вядомыя працэсы па справе 19 снежня, пасля праверак, якія праводзіліся ў калегіях адвакатаў – Міністэрства юстыцыі  напэўна  хоча, як кажуць, аддаць адвакатам “па заслугах”.

Павел Сапелка не бачыць праблемаў у тым, каб  яго зварот быў разгледжаны ў дастаткова кароткія тэрміны. Аднак у любым выпадку юрыст лічыць, што Канстытуцыйны Суд павінен даць ацэнку дадзенаму Загаду Мінюста, інакш гэты Загад можа быць не апошнім у сваім родзе.

Файлы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства