ПА АБСЕ заклікае Беларусь да неадкладнага і безумоўнага вызвалення палітзняволеных
Парламенцкая асамблея АБСЕ заклікала Беларусь неадкладна і без папярэдніх умоў вызваліць і апраўдаць усіх палітзняволеных. Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе ПА АБСЕ, адпаведная рэзалюцыя была прынятая 7 ліпеня ў рамках ХХI сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якая праходзіць 4—9 ліпеня ў Манака.
У дакуменце
пералічваюцца палітзняволеныя (Ігар Аліневіч, Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец,
Алесь Бяляцкі, Сяргей Каваленка, Дзмітрый Дашкевіч, Мікалай Аўтуховіч, Эдуард
Лобаў, Мікалай Дзядок, Аляксандр Францкевіч, Павел Сырамятаў, Арцём Пракапенка,
Яўген Васьковіч) і ўтрымліваецца патрабаванне да беларускіх уладаў гарантаваць
поўнае аднаўленне іх у грамадзянскіх і палітычных правах.
ПА АБСЕ настойліва заклікае ўлады Беларусі "адмяніць дамашні арышт,
накладзены на выпушчаных з турмаў палітычных зняволеных, уключаючы
Ірыну Халіп, Уладзіміра Някляева і іншых".
Акрамя таго, афіцыйны Мінск заклікаюць паважаць свабоду перамяшчэння сваіх
грамадзян, уключаючы палітычных актывістаў, у Беларусі і за мяжой, а таксама
пакласці канец уціску і пераследу грамадзянскай супольнасці, прафсаюзаў,
незалежных СМІ і праваабаронцаў.
ПА АБСЕ прапануе беларускім уладам вярнуцца да разгляду заявак аб рэгістрацыі
партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" і няўрадавай
праваабарончай арганізацыі "Вясна", якім было неаднаразова
адмоўлена ў рэгістрацыі "без належных падстаў".
Асамблея заклікае Мінск выканаць рэкамендацыі Міжнароднай арганізацыі працы
адносна прафсаюзаў.
ПА АБСЕ выказвае надзею на "выкананне Беларуссю сваіх абавязацельстваў у
рамках АБСЕ, уключаючы Капенгагенскі дакумент 1990 года, асабліва адносна
парламенцкіх выбараў, і своечасовае накіраванне запрашэння міжнародным
назіральнікам для бесперашкоднага адсочвання ўсяго выбарчага працэсу".
У рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік адмяніць прыгаворы і вылучаныя абвінавачанні
супраць журналістаў у сувязі з іх прафесійнай дзейнасцю і дазволіць
неабмежаванае грамадскае абмеркаванне ключавых грамадскіх і палітычных праблем.
ПА АБСЕ рэкамендуе Міжнароднай федэрацыі хакея з шайбай прыпыніць
выкананне свайго плана правядзення чэмпіянату свету ў 2014 годзе ў Мінску
да вызвалення ўсіх палітзняволеных.
Акрамя таго, ПА АБСЕ заклікае правесці міжнароднае расследаванне па пытанні
абыходжання з палітзняволенымі ў турмах Беларусі, уключаючы сцвярджэнні аб
катаваннях такіх былых зняволеных, як Алесь Міхалевіч.
ПА АБСЕ асуджае пакаранне Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава,
абвінавачаных у арганізацыі тэракта ў мінскім метро і прыгавораных "у
выніку суда, які не адпавядаў міжнародна-прававым нормам законнасці".