Да 31 кастрычніка ЕС апублікуе новыя абмежавальныя меры ў дачыненні да Беларусі
Камітэт па палітыцы і бяспецы Еўрасаюза заклікаў неадкладна вызваліць палітычных зняволеных у
Беларусі і поўнасцю іх рэабілітаваць. Пра гэта гаворыцца ў заяве
вярхоўнага прадстаўніка ЕС Кэтрын Эштан паводле вынікаў праведзенага 10 жніўня
пазачарговага пасяджэння камітэта. 13 жніўня заява размешчана на афіцыйным
сайце Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў.
Як гаворыцца ў дакуменце, камітэт выказаў занепакоенасць, што ніхто з
палітычных зняволеных у Беларусі не быў выпушчаны падчас апошняй амністыі.
Прадстаўнікі ЕС вельмі заклапочаны ў сувязі з умовамі ўтрымання
палітзняволеных.
Камітэт разгледзіць магчымасць далейшых абмежаванняў палітычных кантактаў ЕС з
Беларуссю. Да 31 кастрычніка будуць апублікаваны новыя абмежавальныя меры ў
дачыненні да Беларусі. Пры гэтым будзе ўзяты пад увагу больш шырокі кантэкст
адносін ЕС з Беларуссю і ўнутраных падзей у краіне, уключаючы працяг рэпрэсій
супраць грамадзянскай супольнасці, сітуацыю з палітзняволенымі і правядзенне
парламенцкіх выбараў.
Нагадаем, зараз пад візавыя і эканамічныя санкцыі Еўрасаюза трапляюць 243
прыватныя асобы і 32 прадпрыемствы Беларусі. ЕС лічыць іх адказнымі за
"сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека або рэпрэсіі ў дачыненні да
грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі", а таксама
"атрыманне выгады ад рэжыму ці яго падтрымку".
Прадстаўнікі камітэта па палітыцы і бяспецы Еўрасаюза заявілі, што беларускія
паслы павінны быць выкліканы ў міністэрствы замежных спраў краін ЕС і
Еўрапейскую службу знешніх дзеянняў, каб азнаёміцца з пазіцыяй ЕС адносна
сітуацыі ў Беларусі.
Прадстаўнікі ЕС таксама падкрэслілі прыхільнасць Еўрасаюза дэмакратыі,
выкананню правоў чалавека і вяршэнству закону, дыялогу аб мадэрнізацыі
Беларусі. І выказалі намер працягваць падтрымку грамадзянскай супольнасці і
дэмакратычных актывістаў у Беларусі. Пэўныя меры ў гэтым кірунку павінны быць
найбліжэйшым часам абвешчаны Еўракамісіяй і Еўрапейскай службай знешніх
дзеянняў.
Нагодай для пазачарговага пасяджэння палітычнага камітэта ЕС стаў дыпламатычны
канфлікт паміж Мінскам і Стакгольмам. 1 жніўня беларускія ўлады праінфармавалі
Швецыю аб непрадаўжэнні акрэдытацыі паслу Стэфану Эрыксану. Дыпламата
абвінавацілі ў дэструктыўнай дзейнасці.
У адказ на гэта шведскія ўлады заявілі, што не прымуць новага пасла Беларусі, і
рэкамендавалі двум супрацоўнікам беларускага пасольства пакінуць Стакгольм.
8 жніўня МЗС Беларусі абвясціла пра адкліканне ўсіх супрацоўнікаў беларускага
пасольства ў Стакгольме. Шведскаму боку рэкамендавана прыняць аналагічныя меры
і адклікаць усіх сваіх дыпламатаў з Мінска да 30 жніўня.