Гісторык Андрэй Чарнякевіч спрабуе аднавіцца на працы праз суд
Нагадаем, што яго звольнілі ў верасні з Гродзенскага універсітэта імя Янкі Купалы, нібыта, «за парушэнне працоўнай дысцыпліны». Сам Чарнякевіч перакананы, што яго пакаралі за ўдзел у напісанні і выданні кнігі «Гродназнаўства».
Справа разглядаецца ў судзе Ленінскага раёна Гродна, пачатак пасяджэння ў 14.30. Верагодна, сёння будзе абвешчана рашэнне.
«Я да апошняга моманту хацеў бы спадзявацца, што ўсё ж такі суд прыме рашэнне на маю карысць і адновіць на працы. Але, напэўна, шанцаў рэальных на гэта вельмі мала… Увесь стан гэтай справы якраз абцяжарваецца тым, што мы змагаемся з прывідамі: ніхто фактычна ніколі не высоўваў ніякіх абвінавачанняў… Універсітэт са свайго боку працягвае настойваць на тым, што ўсё гэтае спагнанне не мае ніякага палітычнага сэнсу», — кажа А. Чарнякевіч
Чарнякевіч адзначае, што пытанне кнігі «Гродназнаўства» нават не падымалася, бо немагчыма было б нешта даказаць.
Нагадаем, кніга «Гродназнаўства» была надрукаваная ў
Польшчы. Яе аўтараў-гродзенскіх гісторыкаў быццам папракаюць у тым, што кніга
заканчваецца на 1991 годзе і няма параграфа пра сучаснасць, а на апошняй
вокладцы — бела-чырвона-белы сцяг. Кнігай зацікавіўся КДБ. Цікава, што прычынай
аднаго са спазненняў Андрэя Чарнякевіча на працу якраз была доўгая гутарка з
прадстаўніком КДБ.