Салігорск: праз лукашэнкаўскі загад разбураюць сістэму аздараўлення ў дзіцячым цэнтры
Сёлетні прыезд Аляксандра Лукашэнкі ў сталіцу шахцёроў перакуліў звыклае жыццё работнікаў салігорскага Дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтру "Зялёны бор”. І пакуль зусім не ў лепшы бок.
Наведваючы 17 ліпеня Рэспубліканскую бальніцу спелеалечэння ў Салігорску, дзеючы кіраўнік краіны вырашыў спусціцца ў падземнае аддзяленне лякарні, дзе нечкана заявіў: “Тут можна ўшчыльняцца. Магчымасці для гэтага ёсць. Напрыклад, для дзяцей можна ўсталяваць двухярусныя ложкі... Цяпер можна на гэтым зарабляць грошы." Чыноўнікі ўзялі словы галоўнакамандуючага пад казырок і не доўга думаючы пастанавілі адабраць пад гэтыя патрэбы ў мясцовага “Будтрэста №3” дзіцячы санаторый “Зялёны бор” ды перадаць яго з 27 снежня 2012 году на гаспадарчы разлік спелеалякарні. Вось толькі ў імкненні дагадзіць начальству пра правы работнікаў “Зялёнага бору” забыліся.
Аб планах чыноўнікаў супрацоўнікі дзіцячага цэнтру даведаліся напрыканцы кастрычніка, але дагэтуль умовы заключэння новых працоўных кантрактаў ім невядомыя. Многія апасаюцца, што пераход у бюджэтню сферу не лепшчым чынам адаб’ецца на заробках. Ці будуць захаваныя педагагічныя катэгорыі, як будзе ўлічвацца працоўны стаж, якімі будуць аклады, якімі будуць умовы працы, як будзе выглядаць штатны расклад. На гэтыя і многія іншыя пытанні, звязаныя з пераходам да новага наймальніка, ніхто адказу работнікам “Зялёнага бору” не дае. Да змены ўласніка застаецца каля тыдня, але азнаёміцца з тэкстам кантрактных дамоваў ўсё яшчэ не ўяўляецца магчымым. Пры гэтым агучаныя адміністрацыяй даты падпісання гэтых дамоваў пераносіліся ўжо некалькі разоў.
У такіх абставінах калектыў дзіцячага цэнтру фактычна знаходзіцца ў дэпрэсіўным стане. Не зразумела, ці будуць запатрабаванымі ў новай установе медыцынская ды гаспадарчая службы, а таксама служба харчавання. Узнікаюць небеспадстаўныя падазрэнні ў магчымым скарачэнні штату педагогаў, які можа апынуцца незапатрабаваным у чыста медыцынскай установе. Верагоднасць гэткага сцэнара пацьвярджаецца тым фактам, што праз юрыдычную няграматнасць работнікаў “Зялёнага бору” прымусілі падпісаць паведамленні аб нібыта ўласным жаданні перайсці да новага наймальніка. Гэтая папера дэ юрэ пазбаўляе неабходнасці выплочваць трохмесяцовую грашовую кампенсацыю ў выпадку скарачэння альбо нязгоды работніка з пагаршэннем умоваў працы.
Не менш за нявызначанасць з захаваннем сваіх працоўных правоў і выгодаў турбуе работнікаў Дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтру і захаванне ў новай установе педагагічна-аздараўленчай сістэмы, сфармаванай за дваццаць гадоў існавання “Зялёнага бору”. У апошнія месяцы на базе дзіцячага цэнтру прадстаўляліся паслугі спелеалячэння. У сувязі з гэтым калектывам цэнтра была прапанаваня ўнікальная для прастораў усяго СНД і нават Еўропы сістэма камбінаванага педагагічнага аздараўлення. Укараненне дадзенай сістэмы патрабавала ўнясення зменаў у шэраг нарматыўных актаў, што не натхніла чыноўнікаў Міністэрства аховы здароўя. У вынікк ўнікальнае аздараўленне апынулася незапатрабаваным, а дваццацігадовая педагагічная сістэма разбуранай. Як заўважаюць самі педагогі ДРАЦ, у новай, цяпер ужо медыцынскай, установе іх хутчэй за ўсё чакае лёс “пастухоў” за дзецьмі. Саміх жа дзяцей замест цікавых і творчых тыдняў чакаюць бальнічныя будні.