Лідэру Берасьцейскай рэгіянальнай арганізацыі партыі БНФ Юрасю Губарэвічу давялося кінуць свой аўтамабіль, каб адарвацца ад міліцэйскай пагоні.
Са словаў Юрася Губарэвіча Радыё Свабода, так званы міліцэйскі хапун у рэгіёне становіцца больш жорсткім.
“Я меў намер вярнуцца зь Берасьця ў Белаазёрск, – кажа спадар Губарэвіч, – але падчас руху заўважыў так званы хвост. У некаторы момант ўдалося адарвацца ад перасьледу. Аўтамашыну пакінуў на вуліцы. У Белаазёрск дабраўся на цягніку”.
Напярэдадні ў Драгічыне міліцыянты спынілі грамадзкага актывіста Уладзімера Казеку. Патлумачылі, што догляд яго аўтамабіля нібыта выкліканы падазрэньнем на ўдзел у ДТЗ. Прычыну пасьля перакваліфікавалі ў абвінавачваньне ў хуліганстве. Цяпер спадар Казека ўтрымліваецца пад вартай ў пастарунку РАУС Ленінскага раёну.
Юрась Губарэвіч тлумачыць, што на сёньня ў рэгіёне затрыманыя амаль 10 актывістаў апазыцыі, яшчэ больш за 50 адшукваюцца.
“Усе яны адмаўляюцца падпісваць папярэджаньне аб адказнасьці паводле ўдзелу ў вулічных акцыях 25-га сакавіка”, – канстатуе Юрась Губарэвіч.
А тым часам г арадзенскіх актывістак выклікаюць у міліцыю 25 сакавіка
На раніцу 25 сакавіка ў аддзел дазнаньня Ленінскага РАУС Горадні выкліканыя дзьве моладзевыя актывісткі, Яўгенія Шасьцерыкова і Вольга Смалянчук.