Рагачоў: Дзянісу Дашкевічу не вяртаюць пнеўматычны пісталет, канфіскаваны КДБ
Грамадскаму актывісту, каардынатару аргкамітэта па стварэнні партыі БХД (Рагачоў) Дзянісу Дашкевічу ўжо амаль два з паловай гады не вяртаюць пнеўматычны пісталет, канфіскаваны супрацоўнікамі рагачоўскага КДБ падчас апошняй прэзідэнцкай кампаніі.
Дашкевіч працаваў у ініцыятыўнай групе кандыдата ў прэзідэнты Беларусі на выбарах-2010 Віталя Рымашэўскага. Пасля разгону Плошчы і арышту кандыдатаў у прэзідэнты ў кватэру Дзяніса Дашкевіча ўварваліся супрацоўнікі мясцовага КДБ, якія правялі ператрус, канфіскаваўшы агітацыйныя матэрыялы, кампутары, а таксама спартыўныны пнеўматычны пісталет маркі "Байкал". У траўні 2011 года рагачоўскаму актывісту тэхніку вярнулі, а вось агітацыйныя лістоўкі і пісталет КДБ пакінуў у сябе.
- - Мне цяжка зразумець, што шукаюць рагачоўскія чэкісты ў нашых матэрыялах, бо выбары ўжо амаль як тры гады таму адбыліся, – кажа актывіст. – А наконт пісталета, мяркую, усё прасцей: супрацоўнікам КДБ папросту вельмі падабаецца страляць з яго па банках…