Салігорскі выбаркам намагаўся правесці закрытае пасяджэнне ды пагражаў назіральніку пазбаўленнем акрэдытацыі
8 студзеня доўгатэрміновы назіральнік БХК Леанід Мархотка наведаў пасяджэнне Салігорскай раённай выбарчай камісіі, на якім адбывалася рэгістрацыя ініцыятыўных груп па збору подпісаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты.
Цягам 7 хвілін кворум выбаркаму з дзевяці сябраў зарэгістраваў дзве ініцыятыўныя групы - незалежнага вылучэнца Андрэя Трафімчыка па выбарчай акрузе №27 і кіраўніка моладзевага ФК “Шахцёр” Андрэя Баса па акрузе №23. Пасля гэтага старшыня камісіі Людміла Цыбулёнак абвесціла аб закрыцці паседжання, пры гэтым камісія ў поўным складзе засталася на месцы. Не стаў сыходзіць і назіральнік Леанід Мархотка:
- Спадарыня Цыбулёнак хацела, каб я пакінуў нібыта ўжо закрытае паседжанне выбаркаму, а яе намеснік Анатоль Махлай патулмачыў, што далей будзе разглядацца закрытае пытанне. Пасля маёй апеляцыі да адкрытасці і галоснасці выбарчага працэсу мне ўсё ж дазволілі застацца.
Зрэшты, аніякага закрытага пытання разгледжана так і не было. На думку Леаніда Мархоткі, ягоная прысутнасць наоўпрост перашкаджала камісіі абмяркоўваць нейкія нязручныя тэмы.
- Наогул, сябры камісіі былі нешматслоўныя. Было зразумела, што яны імкнуліся “фільтраваць” свае выказванні. Нават заўвага сябра камісіі Анатоля Нядвецкага аб надзвычай малой колькасці жадаючых вылучыць свае кандыдатуры на гэтых выбарах была сустрэта грознымі позіркамі кіраўніцтва выбаркаму, - кажа незалежны назіральнік.
Напрыканцы Леанід Мархотка пакінуў свае візітоўкі двум зарэгістраваным самавылучэнцам у кандыдаты. Старшыня выбаркаму Цыбулёнак гэта заўважыла ды заявіла, што гэткім чынам незалежны назіральнік перашкаджае пасяджэнню камісіі ды прыгразіла пазбаўленнем акрэдытацыі. Аднак пасля спробы спадара Мархоткі высветліць, ці азначае гэта, што ранейшая абвестка аб закрыцці пасяджэння і пераходу да вырашэння тэхнічных пытанняў была няпраўдай, жаданне пазбаўляць акрэдытацыі незалаженага назіральніка ў старышыні Салігорскага выбаркаму знікла.
Агулам пасяджэнне па рэгістрацыі ініцыятыўных груп разам з тэхнічнай часткай заняло ў выбаркама 18 хвілін.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”