Баранавічы: суд апраўдаў грамадскіх актывістаў Рыгора Грыка і Аляксандра Вайцешыка
Суддзя суда Баранавіцкага раёна Юльяна Шчэрба не ўбачыла ў дзеяннях грамадскіх актывістаў з Баранавічаў Рыгора Грыка і Аляксандра Вайцешыка правапарушэння. На думку Аляксандра Вайцешыка, гэта прававое рашэнне, а для яго важна, што ў адрас супрацоўнікаў Баранавіцкага ГАУС будзе вынесена прыватнае вызначэнне. Як аказалася, участковы інспектар Дзмітрый Герман не толькі склаў непісьменны пратакол, але і паводзіў сябе нетактычна і груба ў судзе, на што яму не раз было ўказана суддзёй і адвакатам.
На думку праваабаронцы Сяргея Гоўшы, гэтага працэса наогул не павінна было быць. Вінаваты не актывісты, а загадчыца крамы Вольга Борыс і адміністрацыя крамы “Маrt Inn”, якія выкладаюць на паліцы пратэрмінаваныя прадукты.
Нагадаем, абвінавачанне ў дробным хуліганстве Рыгору Грыку і Аляксандру Вайцешыку было выстаўлена пасля таго, як яны прыйшлі ў краму “Маrt Inn” і выявілі пратэрмінаваныя прадукты. Яны паведамілі пра гэта ў розныя інстанцыі, дзе факты падцвердзіліся, а загадчыца крамы Вольга Борыс была пакарана штрафам. Тады яна вырашыла адпомсціць і звярнулася ў міліцыю. На актывістаў, як высветлілася ў судзе, участковым Дзмітрыем Германам без іх ведама быў складзены пратакол за хуліганства.