viasna on patreon

Чыноўнікі спалохаліся пратэсту насельніцтва і запусцілі рухавік пераследу

2017 2017-03-07T08:40:10+0300 2017-03-10T13:27:16+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/berasce-marsh-2017-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Марш недармаедаў у Берасці. Фота: ПЦ "Вясна"

Марш недармаедаў у Берасці. Фота: ПЦ "Вясна"

Улады Беларусі паспешліва спрабуюць знізіць сацыяльную актыўнасць насельніцтва, звязаную з прымяненнем Дэкрэта №3 аб сацыяльным утрыманстве. Дзеля гэтага выкарыстоўваюцца самыя разнастайныя метады: запалохванні і папярэджанні, штрафы і арышты, змяшчэнне ў псіхіятрычную лякарню, затрыманні і ператрусы.

Берасце. 6 сакавіка адміністрацыйнымі арыштамі ад 4 да 5 сутак былі пакараныя чацвёра прадстаўнікоў анархічнага руху, якія бралі ўдзел у маршы недармаедаў 5 сакавіка. У суд іх прывезлі пасля 17 гадзін і судзілі аж да 20-30, каб менш народу магло паўдзельнічаць у судовых працэсах. У гэты дзень за ўдзел Маршы актывіста Андрэя Шарэнду аштрафавалі на 25 базавых велічыняў (575 рублёў). Суд над актывістам з Бярозы Аляксандрам Кабанавым перанесены на 9 сакавіка. Паведамляе Тамара Шчапёткіна з Бярозы: 

"Аляксандр Кабанаў толькі ў 19 гадзін быў адпушчаны на волю да чацвярга, 9 сакавіка. Яго будуць судзіць а 16 гадзіне адразу па двух справах. Трымалі суткі да суда ў ІЧУ Бярозаўскага РАУС у таямніцы. Тэлефон яго адразу забралі. Перанеслі суд ў сувязі з хадайніцтвам ад абаронцы аб азнаямленнем са справай. Першая справа - хуліганства, другая - арганізацыя і ўдзел у Маршы недармаедаў у Берасці".

Гродна. Працягваецца пераслед гарадзенскіх удзельнікаў акцыі супраць дэкрэта № 3, якая адбылася 19 лютага. На актывістку БХД Галіну Ламашэвіч склалі пратакол, які чакаў яе вяртання ў родны горад. Пасля шэсця Недармаедаў у Гародні Галіна Ламашэвіч ад'язджала да сваякоў. Але як толькі яна вярнулася да яе да хаты завіталі міліцыянты з пратаколам. Падпісваць яго удзельніца акцыі адмовілася. Міліцыянты паведамілі ёй, што суд адбудзецца на гэтым тыдні.

Усяго ў Гародні складзена больш за 10 пратаколаў адміністрацыйных правапарушэнняў за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Улады таксама адмовілі ў правядзенні мітынгу за адмену Дэкрэту №3, які планавалася правесці 15 сакавіка. Паводле кіраўніка філіі БНФ Вадзіма Саранчукова, заяўку падалі ў адпаведнасці з артыкулам 5 закону Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 1997 году № 114-3 «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь».

Гомель. Уладзімер Няпомняшчых – адзінаццаты ўдзельнік акцыі пратэсту супраць Дэкрэту №3, які 6 сакавіка атрымаў па пошце адміністрацыйны пратакол, складзены на падставе артыкула 23.34 КаАП. Падобныя пратаколы раней атрымалі праз пошту Леанід Судаленка, Уладзімер Кацора, Віктар Рубцоў, Васіль Палякоў, Барыс Анікееў, Мікалай Пяшко, Андрэй Макараў, блогеры Максім Філіповіч і Дзмітрый Сабураў ды некаторыя іншыя ўдзельнікі маршу.

Орша. 6 сакавіка падчас ператрусу ў прыватным доме № 13 па вуліцы Чырвонаармейскай, дзе збіраліся мясцовыя актывісты, супрацоўнікі міліцыі правялі ператрус – па падазрэнні ў друкаванні фальшывых грошай. Ператрус працягваўся гадзіны паўтары. Пераглядалі ўважліва ўсе рэчы, але з сабой забралі на праверку выключна аргтэхніку. Журналіст Ігар Казмерчак прычыну ператрусу бачыць у тым, што 12-га сакавіка ў Воршы плануецца правесці «Марш недармаедаў», звесткі пра які былі размешчаны на сайце orsha.eu, які рэдагуе Казмерчак.

Пінск. Пракуратура Пінскага раёна вынесла пісьмовае папярэджанне грамадскаму актывісту Дзмітрыю Сергіевічу толькі за тое, што на сваёй старонцы Укантакце паведаміў пра дзень і час Марша недармаедаў у Пінску. Гэта стала падставай палічыць Сергіевіча арганізатарам будучай акцыі. Блогеру далі зразумець, што ягоны выхад на акцыю абыдзецца яму ад 20 да 40 базавых велічынь штрафу або адміністрацыйным арыштам. 

Пратаколы адміністрацыйных правапарушэнняў складзеныя таксама на ўдзельнікаў акцый пратэсту супраць Дэкрэта №3 з Магілёва, Віцебска, Баранавіч і Бярозы.

Па ўсёй Беларусі ідэолагі і прадстаўнікі вертыкалі наведваюць прадпрыемствы і навучальныя ўстановы, папярэджваюць аб наступстваў удзелу ў маршах пратэсту аж да звальнення і выключэння са студэнтаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства