viasna on patreon

Пракуратура і РУУС па-рознаму зрэагавалі на скаргу па ўмовах утрымання ў Слуцкім ІЧУ

2017 2017-06-06T13:08:59+0300 2017-06-06T13:54:19+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kijko-5.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяржук Кійко пасля адбыцця арышту. Фота: Kurjer.info

Сяржук Кійко пасля адбыцця арышту. Фота: Kurjer.info

Пракуратура Слуцкага раёна адрэагавала на скаргу журналіста рэгіянальнай газеты “Інфа-Кур’ер” Сержука Кійко, якую ён падаў на ўмовы ўтрымання ў ІЧУ Слуцкага РАУС.

“У выніку праведзенай пракуратурай Слуцкага раёна праверкі ў ІЧУ ўстаноўлены парушэнні заканадаўства аб матэрыяльна-бытавым забеспячэнні адміністратыўна арыштаваных, у тым ліку і парушэнні, якія пададзеныя ў скаргах. Вынесена прадпісанне аб выпраўленні парушэнняў заканадаўства”, – адказаў журналісту намеснік пракурора Слуцкага раёна І. Слука.

У мясцовым ізалятары часовага ўтрымання Кійко ўтрымліваўся з 3 па 6 красавіка пасля пераводу з Жодзінскага СІЗА,  адбываючы частку адміністратыўнага арышту за ўдзел у акцыі пратэсту на Дзень Волі ў Менску.

Дзякуючы гэтаму пераводу Сяржук Кійко атрымаў магчымасць параўнаць умовы ўтрымання ў Жодзіна і ў Слуцку, прычым гэтае параўнанне атрымалася не на карысць роднага горада:

– Відаць ў Жодзіна рыхтаваліся да “прыёму” адміністратыўна арыштаваных удзельнікаў Дня Волі, бо выдавалі нам чыстыя коўдры і рушнікі, камеры былі прыбраныя і памытыя, пры неабходнасці да хворых выклікалі лекара і ён хутка з’яўляўся.  А вось у Слуцкім ІЧУ мне кінуўся ў вочы страшэнны бруд, камера смярдзела, нават рушніка не выдалі. За чатыры дні ніводнага разу не выводзілі на прагулку.

Асобна Сяржук Кійко адзначае дрэнную якасць харчавання і  мізэрныя порцыі. Асартымент страў практычна не мяняўся некалькі дзён, тройчы кармілі надта “пахучай” рыбай. Прыёмы ежы былі шчыльна ссунуты па часе: сняданак – у 11 гадзін, абед – у 13 гадзін, вячэра – ў 17 гадзін. І таму вечарам хацелася ізноў есці. І гэта пры тым, што ніводнай перадачы ў яго не было, паколькі родных Сержука не папярэдзілі, што ён у Слуцкім ІЧУ.

Яшчэ адзін зварот Сяржука Кійко быў разгледжаны ў Рэспубліканскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі Дэпартаменту фінансаў і тылу МУС, якія правялі свой маніторынг ізалятара часовага ўтрымання ў Слуцку. У межах кампетэнцыі гэтай ўстановы было вынесенае заключэнне, што факты парушэнняў, пра якія вялася гаворка ў звароце, часткова мелі месца. Кіраўніцтву ІЧУ былі дадзены прапановы па іх выкараненні і ўзмацненню кантролю за захаваннем санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў.

І толькі Слуцкі РАУС, разгледзеўшы аналагічную скаргу журналіста прыйшоў да высновы, што “недахопаў у матэрыяльна-бытавым і санітарна-гігіенічным забеспячэнні адміністратыўна арыштаваных не было”.

Начальнік раённай міліцыі В. Герэга паведаміў Кійко, што “факты, выкладзеныя ў скарзе на парадак і ўмовы ўтрымання у ІЧУ Слуцкага РУУС не знайшлі свайго падцверджання”.

Вось ужо сапраўды, хаця і не любіць слуцкая міліцыя смецце з хаты выносіць, але на гэты раз давядзецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства