Што адкажа КПЧ ААН наконт законнасці інстытута лячэбна-працоўных прафілакторыяў? Дакумент
Жыхар Смаргоні Сяргей Цыркуновіч, вычарпаўшы нацыянальныя сродкі абароны, аспрэчыў ў Камітэце па правах чалавека ААН законнасць існавання ў краіне лячэбна-працоўных прафілакторыяў.
Рашэннем суда Смаргонскага раёна ад 9 жніўня 2017 года жыхар Смаргоні Сяргей Цыркуновіч быў накіраваны на прымусовае лячэнне ў лячэбна-працоўны прафілакторый на 12 месяцаў.
Як паведамляе рэгіянальны праваабаронца "Вясны" Алесь Дзергачоў, з рашэннем суда дадзены грамадзянін не пагадзіўся і абскардзіў яго ў Гарадзенскі абласны суд. Але вызначэннем гэтага суда ад 20 верасня 2017 г. скарга была не задаволеная. Сяргей Цыркуновіч атрымаў вызначэнне абласнога суда 28 верасня 2017 г. і ў гэты ж дзень накіраваў скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека.
У скарзе ён адзначыў, што прымусовую ізаляцыю ў лячэбна-працоўным прафілакторыі з абавязковым прыцягненнем да працы лічыць пазбаўленнем волі з ужываннем прымусовай працы. І падкрэсліў, што не здзяйсняў крымінальна-каральных дзеянняў, каб суд прыняў да яго такія захады. Больш таго, бок, які настойвае на накіраванне яго ў ЛПП (Смаргонскі РАУС), не прадставіў статыстычных дадзеных, з якіх можна зрабіць выснову пра эфектыўнасць лячэння ў дадзеных установах.
Пры такіх акалічнасцях, як мяркуе заяўнік, “дзяржава праводзіць навуковыя ці медыцынскія вопыты ў галіне эфектыўнасці лячэння ў ЛПП, прымусова накіроўваючы туды грамадзян”. Ён лічыць, што Закон ад 4 студзеня 2010 г. «Аб парадку і ўмовах накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і ўмовах знаходжання ў іх» супярэчыць артыкулам 7,8,9 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, паводле якіх прыніжаючае годнасць абыходжанне (прымусовае лячэнне), адвольнае ўтрыманне пад вартай і прымусовая праца забараняюцца.
На гэтай падставе Сяргей Цыркуновіч просіць камітэт ААН па правах чалавека ўстанавіць факт парушэння Рэспублікай Беларусь дадзеных артыкулаў Пакта, а таксама рэкамендаваць Рэспубліцы Беларусь адмяніць закон «Аб парадку і ўмовах накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і ўмовах знаходжання ў іх». Акрамя таго, просіць разгледзець скаргу па паскоранай працэдуры, бо з дня на дзень чакае этапавання ў ЛПП, а таксама рэкамендаваць Рэспубліцы Беларусь прыпыніць выкананне рашэння суда Смаргонскага раёна аб накіраванні яго ў ЛПП да разгляду дадзенай скаргі.