Фестываль Watch Docs Belarus пройдзе ў Мінску Відэа
14 снежня стартуе фестываль дакументальнага кіно пра правы чалавека Watch Docs Belarus ў Мінску.
У гэтым годзе кінафестываль упершыню выходзіць на вялікі экран – адной з пляцовак стаў кінатэатр "Мір". Апроч гэтага арганізатары зрабілі першы крок да большай даступнасці кінапаказаў – 4 фільмы маюць субтытры, адаптаваныя для нячулых людзей (Горкі шакалад, Злавіць Хайдэра, Джунглі сёння, Зруйнаваная памяць).
Галоўная місія Фестываля – прыцягнуць увагу да найбольш актуальных падзей сучаснасці і стварыць прастору для іх абмеркавання. Фільмы і дыскусіі сёлета прысвечаныя 3-м асноўным тэмам – папулізму, памяці і вялікаму свету, у якім мы ўсе жывем. Дакументальныя гісторыі з розных куткоў свету, што будуць паказаныя за чатыры дні Watch Docs Belarus, не толькі цікавыя самі па сабе, але і сугучныя таму, што адбываецца ў Беларусі. Менавіта пагэтаму пасля паказаў каманда прапануе глядачам узяць удзел у спецыяльных падзеях Фестываля.
Watch Docs Belarus не мае буйных спонсараў. Ён арганізаваны на сродкі, сабраныя краўдфандынгам, з дапамогай валанцёраў і па ініцыятыве грамадскай арганізацыі Звяно. Фестываль праводзіцца ў трэці раз.
Усе фільмы транслююцца на мове арыгіналу з субтытрамі па-руску або па-беларуску.
Тры фільмы, якія рэкамендуе каманда Watch Docs Belarus:
Хто смяецца апошні – пра тое, як смех ратуе ад смерці. Расповяды выжылых у Халакосце.
Спытай сэксперта – насычаная гумарам і сур’ёзнымі пытаннямі гісторыя 93-гадовага сэкс-кансультанта з Мумбаі.
Рызыка – стужка, працуючы над якой рэжысёрка Лаўра Пойтрас максімальна блізка падыйшла да Джуліяна Асанжа. І ёй не спадабалася ўбачанае.
Калі: 14-17 снежня 2017
Дзе: кінатэатр Мір, Цэнтр культурных інавацый Оk16, Гістарычная майстэрня
Уваход вольны
Больш інфармацыі пра фільмы – watchdocs.by