Затрыманы на Дзень Волі: “Казаў міліцыянтам, што мне кепска, але даваць ваду і лекі яны адмаўляліся”
Артур Жураў – адзін з тых, хто быў затрыманы 25 сакавіка ў Мінску на плошчы Якуба Коласа. У перапоўненым аўтазаку ён, як і большасць іншых затрыманых, быў дастаўлены ў РУУС Савецкага раёна, адкуль пасля сямі гадзін утрымання быў адпушчаны адным з апошніх.
Акрамя таго, што ў РУУС Журава пратрымалі больш за тры гадзіны, што з’яўляецца відавочным парушэннем, супрацоўнікі РУУС незаконна (бо на той момант Жураў не знаходзіўся ў статусе адміністрацыйна арыштаванага) правялі працэдуру дактыласкапіі і без згоды сфатаграфавалі Артура.
За ўвесь час знаходжання Журава ў пастарунку яму не далі магчымасці паведаміць сваёй жонцы пра тое, дзе ён. І хоць, згодна з Працэсуальна-выканаўчым кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях, затрыманы мае права цягам трох гадзін з моманту затрымання паведаміць сваякам пра сваё месцазнаходжанне, тэлефон яму так і не прадставілі.
Супрацоўнікі РУУС, не назваўшы свае прозвішчы і не паказаўшы службовыя пасведчанні, да складання адміністрацыйнага пратаколу праводзілі асабісты вобшук, прытым у адсутнасці панятых, што таксама з’яўляецца парушэннем.
Сам жа пратакол па арт. 23.34 КаАП быў падпісаны сведкамі асобна, не ў прысутнасці Журава, што не дае магчымасці высветліць, ці мелі яны ўвогуле нейкае дачыненне да яго затрымання.
Аднак самых жорсткім, па словах Журава, для яго стала ігнараванне супрацоўнікамі міліцыі яго стану здароўя. Такія паводзіны міліцыянтаў ён лічыць сапраўдным бесчалавечным абыходжаннем.
“У двары РУУС нас паставілі тварам да сцяны, не давалі магчымасці рухацца і глядзець убок. У такім нязручным становішчы я правёў паўтары гадзіны. Затым мяне адвялі ў пастарунак, дзе я правёў астатнія гадзіны.
У мяне ёсць вельмі сур’ёзнае страўнікавае захворванне, і таму мне неабходна рэгулярна прымаць лекі і дыетычна харчавацца 5-6 разоў на дзень. Пра свой дыягназ я паведаміў міліцыянту Дзярэйку А.Ю., які складаў на мяне пратакол, і намесніку начальніка РУУС, які не назваў сваё прозвішча, аднак яны поўнасцю праігнаравалі гэты факт. Я прасіў проста вады, але нават у гэтым міліцыянты мне адмовілі. Зразумела, што праз некаторы час я адчуў недамаганне і прасіў даць мне мае таблеткі, якія знаходзіліся ў заплечніку. Аднак яны адмовіліся рабіць і гэта. Напрацягу сямі гадзін знаходжання ў пастарунку без ежы я неаднаразова казаў пра своё кепскае самаадчуванне і пра патрэбу медыцынскай дапамогі, але ніякай рэакцыі на мае словы не было. Увечары, пасля таго, як мяне адпусцілі, у мяне ўвогуле паднялася тэмпература”, - распавёў Жураў.
Пасля падзей таго дня Артур Жураў вырашыў звярнуцца ў Пракуратуру Савецкага раёна са скаргай на дзеянні супрацоўнікаў Савецкага РУУС. Ён просіць правесці праверку па ўсіх пералічаных парушэннях Працэсуальна-выканаўчага кодэксу і прыцягнуць міліцыянтаў РУУС да адказнасці. У дадзены момант ён чакае адказу.