viasna on patreon

Валянцін Стэфановіч з трыбуны ПАСЕ заклікаў увесці мараторый на смяротнае пакаранне ў Беларусі

2018 2018-10-10T17:11:00+0300 2018-10-11T08:08:19+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pase-stefanovich-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Старшыня парламенцкай камісіі па міжнародных справах Валерый Варанецкі, намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч і кіраўнік парламенцкага камітэту Сойму Літвы па замежных справах Эмануэліс Зінгерыс.

Старшыня парламенцкай камісіі па міжнародных справах Валерый Варанецкі, намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч і кіраўнік парламенцкага камітэту Сойму Літвы па замежных справах Эмануэліс Зінгерыс.

На паседжанні Камітэта па прававых пытаннях і правах чалавека Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, якое адбылося 10 кастрычніка ў Страсбургу, разглядаўся шэраг бягучых пытанняў. Адна з тэм была прысвечаная Сусветнаму дню супраць смяротнага пакарання. У абмеркаванні праблемы са смяротным пакараннем у Беларусі выступілі старшыня камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Валерый Варанецкі і намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч.

Кіраўнік парламенцкай камісіі традыцыйна адзначыў складанасць пытання з адменай смяротнага пакарання, казаў што Беларусь прыйдзе да яго адмены паступова. Ён таксама нагадаў аб выніках рэферэндуму 1996 года, калі большасць грамадзян (82%) выказалася за захаванне смяротнай кары, спаслаўся на паступовыя змены грамадскай думкі, нагадаўшы, што  52 % грамадзян выказваюцца “за” смяротнае пакаранне.

Валянцін Стэфановіч у сваім выступе даў інфармацыю аб апошніх смяротных прысудах, якія былі вынесеныя ў студзені гэтага года і аб прывядзенні ў выкананне прысудаў у траўні, спыніўся на некаторых праблемных момантах, якія пастаянна крытыкуюць праваабаронцы. Гэта абстаноўка сакрэтнасці, нявыдача целаў растраляных сваякам, праблема вынясення смяротных прысудаў Вярхоўным судом, якія немагчыма абскардзіць у парадку апеляцыі, хуткае прывядзенне прысуду ў выкананне, у сярэднім напрацягу года, а то і трох месяцаў.

“У гэты Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання, я, як грамадзянін Беларусі асабіста і як прадстаўнік грамадзянскай супольнасці, заклікаю у чарговы раз улады Беларусі да ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне, паколькі гэта ў першую чаргу адпавядае інтарэсам нашага беларускага грамадства” – завяршыў свой выступ Валянцін Стэфановіч. 

Супрацоўніца аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі FIDH Юлія Уанон
Супрацоўніца аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі FIDH Юлія Уанон

На паседжанні Камітэта былі прадстаўлены апошнія сумесныя даклады праваабаронцаў “Вясны” і Міжнароднай федерацыі за правы чалавека (FIDH) “Смяротнае пакаранне у Беларусі: забойствы на (не) законных падставах” і “Беларусь: кантроль над адвакатамі – пагроза правам чалавека”.

Па дадзеных Камітэта па прававых пытаннях і правах чалавека Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы ў мінулым годзе ў выкананне прывялі больш за 1000 сьмяротных прысудаў у 23 краінах свету. Лідзіруюць у гэтым спісе Кітай, Іран, Ірак, Сірыя, Пакістан.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства