Аюба Ціціева перавялі ў калонію-пасяленне ў Аргуне (Чачня)
5 красавіка кіраўніка грозненскага аддзялення Праваабарончага цэнтра "Мемарыял" Аюба Ціціева перавялі з СІЗА ў калонію-пасяленне № 3 у Аргун, дзе ён будзе адбываць пакаранне. Пра гэта паведамляецца на сайце арганізацыі.
«Пасля пераводу Аюба змясцілі ў карантын, але ўжо на наступным тыдні мы спадзяемся наведаць яго ў калоніі, - сказаў кіраўнік праграмы «Гарачыя кропкі» ПЦ "Мемарыял" Алег Арлоў. - Я думаю, Аюб уздыхне з палёгкай, таму што рэжым утрымання ў калоніі-пасяленні значна больш вольны, чым у СІЗА. Напрыклад, яго змогуць наведваць сваякі і калегі, а гэта цяпер вельмі важна. З іншага боку, тут ёсць і свая небяспека. Пры такім рэжыме супраць Аюба прасцей арганізаваць правакацыі».
18 сакавіка суддзя Шалінскага гарадскога суда Мадзіна Зайнетдзінава прызнала Ціціева вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 228 КК РФ (захоўванне наркотыкаў у буйным памеры), і асудзіла яго на чатыры гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі-пасяленні.
Праваабарончы цэнтр "Мемарыял" сцвярджае, што гэтую справу фальсіфікавалі, Ціціеў прызнаны палітычным зняволеным.
З гісторыяй жыцця Аюба Ціціева, фальсіфікацыяй яго крымінальнай справы і хронікай пераследаў праваабаронцаў на Паўночным Каўказе вы можаце азнаёміцца падрабязней у спецпраекце, а таксама ў матэрыяле «10 фактаў, якія даказваюць, што справа супраць Аюба Ціціева сфальсіфікаваная».
Усе навіны па справе Аюба Ціціева