Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Май 2019
Высновы:
• На працягу месяца ў месцах пазбаўлення волі працягваў знаходзіцца палітвязень Міхаіл Жамчужны;
• 16 мая 2019 года праваабаронцам стала вядома пра масавыя затрыманні грамадзян цыганскай этнічнай групы ў межах следча-аператыўных мерапрыемстваў па раскрыцці злачынства пра забойства супрацоўніка ДАІ ў г. Магілёве, якія праводзілі органы МУС. Па шматлікіх сведчаннях відавочцаў затрыманні праводзіліся выключна па прыкмеце этнічнай прыналежнасці і суправаджаліся неправамерным ужываннем гвалту, пагрозамі і запалохваннем. У выніку ад 50 да 100 мужчын, якія належаць да цыганскай этнічнай меншасці, былі затрыманыя на трое сутак у межах адміністрацыйнага працэсу за нібыта здзяйсненне «дробнага хуліганства» і пазней вызваленыя без прад'яўлення абвінавачванняў. Таксама пазней прадстаўнікі МУС і СК заявілі тое, што супрацоўнік ДАІ здзейсніў самагубства, а Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава выбачылася перад прадстаўнікамі абшчыны цыганоў у г. Магілёве;
• 14 мая Вярхоўны cуд Рэспублікі Беларусь адхіліў апеляцыйную скаргу прысуджанага да смяротнага пакарання Магілёўскім абласным судом Аляксандра Асіповіча. Такім чынам, у чаканні выканання прысуду ў СІЗА МУС № 1 г. Мінска на дадзены момант знаходзяцца тры чалавекі;
• Цягам месяца працягвалася практыка прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці ўдзельнікаў мірных сходаў, у тым ліку за адмову ад аплаты расходаў па іх правядзенні;
• Працягваўся пераслед журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ без акрэдытацыі;
• 8 мая ў Беларусі быў затрыманы інгушскі грамадзянскі актывіст, блогер і журналіст Ісмаіл Нальгіеў. 10 мая ён быў з парушэннем устаноўленых працэдур, без магчымасці абскардзіць прынятае рашэнне, высланы з Беларусі, а 11 мая - дастаўлены ў СІЗА г. Нальчыка (РФ). Такім чынам, адбылася фактычная выдача ўладам РФ для крымінальнага пераследу грамадзяніна, якому ў РФ пагражаюць катаванні і жорсткае абыходжанне, у парушэнне ўсталяванай крымінальна-працэсуальным заканадаўствам і міжнароднымі дамовамі працэдуры.
• 22 мая прадстаўнікі ПЦ «Вясна»: юрыст Павел Сапелка і член Рады арганізацыі Валянцін Стэфановіч прынялі ўдзел у канферэнцыі на тэму механізмаў імплементацыі рэкамендацый КПЧ ААН. Канферэнцыя была арганізавана МЗС Рэспублікі Беларусь і Офісам Пастаяннага каардынатара ААН у Беларусі. У працы канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі праваабарончай супольнасці краіны, профільных ведамстваў і міністэрстваў, міжнародных праваабарончых арганізацый Нuman Rights House Foundation і CCPR-Center, а таксама эксперт КПЧ ААН Ільза Брандс-Керыс;
• Увогуле сітуацыя з правамі заставалася нездавальняючай, без бачных пазітыўных змен.
Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед
Крымінальна-выканаўчая інспекцыя Цэнтральнага РУУС Мінска 2 мая азнаёміла лідара прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча з унесенымі зменамі парадку адбыцця ім пакарання ў выглядзе абмежавання волі. Выканаўчая інспекцыя паслабіла раней усталяваны ёй жа парадак адбыцця пакарання і ўлічыла некаторыя просьбы Г. Фядыніча.
Раней з просьбамі змяніць усталяваны рэжым адбывання «хатняй хіміі» неаднаразова звярталіся і прафсаюз РЭП, і сам Генадзь Фядыніч.
Інспекцыя ўстанавіла новую адлегласць для выхаду ад жылля лідэра РЭП - плошча пашырана ад кватэры да паштовых скрынь (у вольны ад працы час). Накладзена забарона на выхад з дому з 21 да 6 гадзіны раніцы (да гэтага часу Фядынічу прадпісвалася знаходзіцца ў кватэры з 19 гадзіны вечара да 6 гадзіны раніцы).
Нагадаем, 9 лістапада Менскі гарсуд пакінуў у сіле прысуд суда Савецкага раёна: лідары прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік прызнаныя вінаватымі па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры). Абодва прысуджаныя да 4 гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.
Ігара Комліка паставілі на ўлік у крымінальна-выканаўчай інспекцыі Фрунзенскага РУУС Мінска ў снежні 2018 года, Генадзя Фядыніча азнаёмілі з рэжымам «хатняй хіміі» 4 студзеня 2019 года.
На пачатку мая віцебскія праваабаронцы атрымалі чарговы ліст ад Міхаіла Жамчужнага. Палітвязень паведамляе калегам-праваабаронцам, што ўмовы адбыцця пакарання ў апошні час адносна палепшыліся. Піша пра свае патрэбы і пра тое, што адкрыліся магчымасці для абароны сваіх правоў.
Міхаіл Жамчужны паведамляе, што са зменай кіраўніцтва калоніі палітыка ўстановы ў дачыненні да яго «пацяплела» - стала добразычліва-ветлівай, па меншай меры, вонкава. На звароты палітвязня пачалі адказваць пісьмова і са спасылкамі на законы.
Парушэнне права на мірныя сходы
У Брэсце ўлады працягваюць ціск на ўдзельнікаў пратэстных акцый: намеснік пракурора горада Брэста 30 красавіка выклікаў пяцёх актывістаў кампаніі супраць будаўніцтва завода АКБ. У пракуратуры г. Брэста іх афіцыйна папярэдзілі аб недапушчальнасці парушэння Закона «Аб масавых мерапрыемствах». Напярэдадні, праз некалькі гадзін пасля з'яўлення ў сацсетказ і СМІ інфармацыі аб тым, што брэсцкія актывісты рыхтуюць мітынг супраць завода АКБ у сувязі з тым, што ад мясцовых органаў улады пярэчанняў не паступала, гарвыканкам выступіў з заявай, што гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці. Пісьмовае паведамленне пра тое, што мітынг не можа адбыцца, заяўнікі атрымалі за 2 дні да планаванага мерапрыемства, хоць, згодна з законам, іх павінны былі папярэдзіць не пазней як за 5 дзён.
11 мая актыўнага праціўніка будаўніцтва завода АКБ у Брэсце Дзмітрыя Бекалюка суддзя Дзмітрый Шурын аштрафаваў на 40 базавых велічынь (1020 рублёў) за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў па арт.23.34 ч.3 КаАП. Гэты ж суддзя аштрафаваў на 255 рублёў Аляксандра Марачэўскага. Людмілу Карчэўскую суддзя Аляксандр Семянчук аштрафаваў на 20 базавых велічыняў (510 рублёў) за ўдзел у «кармленні галубоў» 14 красавіка.
Старшыню Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігара Барысава, як раней і іншых арганізатараў святкавання Дня Волі ў Кіеўскім скверы ў Мінску, 2 мая пакаралі штрафам у памеры 30 базавых велічынь за адмову ад аплаты аказаных паслуг міліцыі па ахове грамадскага парадку падчас мітынгу і канцэрту ў Кіеўскім скверы 24 сакавіка. У арганізатараў і ГУУС пры гэтым не вырашана спрэчка аб якасці аказаных паслуг і падвышанай адносна дамовы суме аплаты.
3 мая праваабарончыя арганізацыі Беларусі звярнуліся да ўладаў Беларусі з патрабаваннем унесці змены ў Закон «Аб масавых мерапрыемствах» і прывесці яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека; адмяніць Пастанову № 49 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку аплаты паслуг па ахове грамадскага парадку, што аказваюцца органамі ўнутраных спраў, расходаў, звязаных з медыцынскім абслугоўваннем, уборкай тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавага мерапрыемства»; гарантаваць грамадзянам краіны магчымасць ажыццяўлення імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання; спыніць практыку прыцягнення грамадзян да адказнасці за мірную рэалізацыю імі канстытуцыйных свабод, мірных сходаў і выказвання меркавання.
У другой палове траўня былі аштрафаваныя некалькі ўдзельнікаў несанкцыянаванага шэсьця 26 красавіка. 17 траўня суддзя Сяргей Шаціла вынес пастанову ў дачыненні да Сяргея Чалага (255 рублёў), 24 мая актывіст «Маладога фронту» і ўдзельнік «Чарнобыльскага шляху-2019» Іван Мірончык атрымаў пастанову суддзі Вікторыі Шабуні аб накладанні штрафу ў памеры 20 базавых велічынь (510 рублёў). Гэтая ж суддзя пакарала штрафам Юлію Ляшкевіч. Вольга Кавалькова аштрафаваная на 382,5 рублёў. Усяго ў маі за мірнае шэсьце пакараныя ў адміністрацыйным парадку 12 чалавек; агульная сума штрафаў склала амаль 4000 рублёў.
Парушэнне права на свабоду меркаванняў і іх выражэнне
Глеб Рубанаў быў затрыманы ноччу 7 мая за репост у сацыяльных сетках у межах флэшмоба #яэкстрэміст, а 13 траўня суддзя Вера Галаўкова аштрафавала яго на 40 базавых велічынь - 1020 рублёў.
Парушэнне гарантый справядлівага суда
8 мая ў Нацыянальным аэрапорце «Менск-2» быў затрыманы інгушскі грамадзянскі актывіст, блогер і журналіст Ісмаіл Нальгіеў. Ён таксама з'яўляецца кіраўніком грамадскай арганізацыі «Выбар Інгушэціі». За гадзіну да вылету яго затрымалі на памежным кантролі, патлумачыўшы гэта тым, што ён нібыта знаходзіцца ў вышуку. 10 мая ён быў з парушэннем устаноўленых працэдур, без магчымасці абскардзіць прынятае рашэнне высланы з Беларусі, а 11 мая дастаўлены ў СІЗА г. Нальчыка (РФ). Такім чынам, адбылася фактычная выдача ўладам РФ для крымінальнага пераследу грамадзяніна, якому на радзіме пагражаюць катаванні і жорсткае абыходжанне, у парушэнне ўсталяванай крымінальна-працэсуальным заканадаўствам і міжнароднымі дамовамі працэдуры.
Праваабарончыя арганізацыі выступілі з заявай і запатрабавалі ад уладаў няўхільна выконваць прынятыя на сябе абавязацельствы ў галіне абароны і заахвочвання правоў чалавека, у прыватнасці, па абароне ад катаванняў і іншых форм жорсткага, бесчалавечнага абыходжання або пакарання, па абароне ад адвольнага арышту або ўтрымання пад вартай, па праве на абарону, па праве на абскарджанне прынятых рашэнняў, а таксама запатрабавалі адмовіцца ад практыкі «спрошчанай экстрадыцыі» падчас выканання запытаў спецслужб Расійскай Федэрацыі і іншых дзяржаў аб выдачы ім замежных грамадзян, якія знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Мехрдад Джамшыдзіян - іранец, які пражыў у Беларусі 25 гадоў, быў вызвалены з ізалятара, дзе правёў больш за 11 месяцаў: заканадаўства Беларусі прадугледжвае магчымасць бестэрміновага ўтрыманнязатрыманых замежнікаў для «высвятлення асобы» з санкцыі пракурора. Мехрдад Джамшыдзіян, які ў сувязі з доўгім знаходжаннем у Беларусі ўжо неаднаразова праходзіў разнастайныя працэдуры ідэнтыфікацыі, якiм падлягаюць замежнікі, адвольна ўтрымліваўся такі працяглы час у зняволенні.
Ціск на журналістаў
У Беларусі працягваецца пераслед журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ, што не маюць акрэдытацыі. За здымку відэасюжэту, паказанага ў перадачы «Кожны з нас» на тэлеканале «Белсат», журналістам Алене Шабуні і Вячаславу Лазараву прызначаныя штрафы агульнай сумай у 1275 рублёў.
Дыскрымінацыя
14 мая МУС на сваім сайце апублікавала заяву гамафобнага характару: у Дзень барацьбы з гамафобіяй ведамства, як і год таму, абраўшы непасрэднай мішэнню вывешаны ў гэты дзень над пасольствам Вялікабрытаніі вясёлкавы сцяг, выказалася аб нязменнасці сваіх пазіцый: «штучнае раздзіманне тэмы аднаполых адносін з'яўляецца дэструктыўным, парушае нормы маралі, вядзе да росту злачынстваў сэксуальнага характару ў дачыненні да дзяцей! Мы - за сапраўднае, яны не пройдуць!». Асаблівае абурэнне праваабаронцаў выклікае стыгматызацыя грамадзян па прыкмеце сэксуальнай арыентацыі. Пазіцыя і выказванні вядомага сваімі гамафобнымі поглядамі міністра ўнутраных спраў раней ужо былі нагодай для звароту праваабаронцаў з заявай у Следчы камітэт.
15 мая грамадзянская ініцыятыва Romaintegration прэзентавала даклад «Сацыяльна-эканамічнае становішча ромскага насельніцтва Беларусі». Грамадзянскія актывісты і праваабаронцы адзначылі сярод праблем шматразовыя адмовы ў прыёме на працу ў сувязі з этнічным паходжаннем і этнічнае прафіляванне - практыка вылучэння ромаў у асобную групу для асаблівых мер прафілактыкі.
16 мая ў сувязі з гібеллю супрацоўніка міліцыі ў г. Магілёве масавым рэпрэсіям былі падвергнутыя мужчыны з цыганскіх сем'яў, якія пражываюць у Магілёве і некаторых іншых гарадах Беларусі: у дамы ромаў урываліся супрацоўнікі МУС і з ужываннем непрапарцыйнай сілы, а то і жорсткага абыходжання праводзілі затрыманні мужчын. Звяртае на сябе ўвагу той факт, што ўсе затрыманыя па падазрэнні ў здзяйсненні асабліва цяжкага злачынства, якое прадугледжвае ў санкцыі смяротнае пакаранне, былі пазбаўлены прадугледжаных законам працэсуальных гарантый, паколькі іх затрыманні былі аформленыя па надуманых падставах - за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў.
У сувязі з гэтым праваабаронцы выказалі сваю заклапочанасць; праваабаронцы «Магілёўскай вясны» Аляксей Колчын, Барыс Бухель і Аляксандр Буракоў накіравалі ў абласную пракуратуру скаргу на дзеянні кіруючага складу абласнога Ўпраўлення ўнутраных спраў і супрацоўнікаў міліцыі з-за масавых затрыманняў людзей з цыганскай дыяспары. Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі накіраваў у Генеральную пракуратуру заяву з просьбай правесці праверку законнасці затрыманняў цыган 16 мая ў Магілёве.
З адказу, дасланага праваабаронцу начальнікам аддзела арганізацыі працы са зваротамі грамадзян Ю. Карпіцкім, стала вядома, што «распараджэннем Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь створана рабочая група, якая дасць ацэнку дзеянням супрацоўнікаў органа ўнутраных спраў падчас затрымання асоб цыганскай нацыянальнасці ў г. Магілёве ў маі 2019 года».
Кіраўніцтва МУС да гэтага часу не прызнала парушэнняў з боку сваіх супрацоўнікаў; адначасова кіраўнічка Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава выбачылася за тое, што адбылося, перад прадстаўнікамі цыганскіх сем'яў у Магілёве.
Смяротнае пакаранне
14 мая ў Вярхоўным судзе была разгледжаная апеляцыйная скарга асуджанага на смяротнае пакаранне жыхара Бабруйска Аляксандра Асіповіча.
Прысуд Аляксандру Асіповічу быў вынесены на выязным пасяджэнні Магілёўскага абласнога суда ў Бабруйску 9 студзеня. Яго абвінавацілі ў падвойным забойстве, здзейсненым пры абцяжваючых абставінах, і прысудзілі да смяротнага пакарання.
Сябры судовай калегіі: намеснік старшыні Вярхоўнага суда Руслан Аніскевіч, суддзі Аляксей Цяцюхін і Андрэй Яфрэмаў, адхіліўшы хадайніцтва абвінавачанага аб прызначэнні дадатковых экспертыз, пакінулі прысуд суда без змен.
Зараз у асуджанага ёсць магчымасць абскардзіць прысуд у парадку нагляду і звярнуцца па памілаванне да прэзідэнта.
У Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) асудзілі рашэнне Вярхоўнага суда Беларусі пакінуць без змен смяротны прысуд Аляксандру Асіповічы. Як паведамляе прэс-служба ПАСЕ, з адпаведнай заявай выступілі дакладчык ПАСЕ па пытанні адмены смяротнага пакарання Цітус Карлатэан і старшыня камітэта па палітычных пытаннях Рыа Омен-Руйтэн.
Паводле праваабаронцаў «Вясны», за апошнія 10 гадоў у Беларусі былі расстраляныя 23 чалавекі і не задаволена ніводнага хадайніцтва аб памілаванні.