Суд вызваліў Аюба Ціціева ўмоўна-датэрмінова Дапоўнена
Суд па ўмоўна-датэрміновым вызваленні Аюба Ціціева адбыўся 10 чэрвеня ў 16:30.
Як паведамляе ПЦ "Мемарыял" у сваім тэлеграм-канале, падтрымаць Аюба Ціціева прыехалі родныя і калегі. Таксама прысутнічаюць СМІ. Падтрымаць Аюба прыехаў і Жалаудзі Герыеў - карэспандэнт Каўказскага вузла, які быў таксама асуджаны па "наркатычным" артыкуле і выйшаў на свабоду 30 красавіка.
Суддзя Ась-Салял Кульчыеў задаволіў хадайніцтва Оюба аб УДВ, рашэнне ўступіць у сілу праз 10 дзён.
Разгляд хадайніцтва кіраўніка грозненскага прадстаўніцтва Праваабарончага цэнтра «Мемарыял» Аюба Ціціева аб умоўна-датэрміновым вызваленні павінен быў адбыцца яшчэ 31 траўня ў Аргунскай калоніі, дзе ўтрымліваецца праваабаронца. Але на пачатку пасяджэння пракурор паведаміў, што «занадта позна атрымаў характарызуючыя матэрыялы» на Ціціева. Разгляд быў адкладзены.
Нагадаем, Аюба Ціціева асудзілі ў сакавіку па артыкуле 228 КК (захоўванне наркотыкаў) і пакаралі чатырма гадамі калоніі-пасялення. 15 траўня ён падаў хадайніцтва аб УДВ.
Праваабаронцы лічаць, што Аюба пасадзілі за ягоную праваабарончую працу.
Усе навіны па справе Аюба Ціціева
Падобная сітуацыя склалася і з журналістам «Медузы» Іванам Галуновым. 6 чэрвеня яго затрымалі, таксама падкінулі наркотыкі і абвінавацілі ў замаху на збыт наркотыкаў у буйным памеры на падставе ч. 4 арт. 228 КК РФ.
Яму пагражае ад 10 да 20 гадоў пазбаўлення волі. Суд абраў меру стрымання для Івана ў выглядзе хатняга арышту.
Адзінкавыя пікеты ў салідарнасць з затрыманым працягваюцца ў Маскве вось ужо чацвёрты дзень. Калегі Івана лічаць, што крымінальны пераслед звязана з яго журналісцкімі расследаваннямі, і плануюць завяршыць расследаванне, з-за якога яго пераследуюць.
Беларускія журналісты і праваабаронцы "Вясны" таксама выказваюць салідарнасць з Іванам Галуновым і заклікаюць расейскія ўлады спыніць яго пераслед.